Відэакадры з той сустрэчы ўзначалілі шмат якія гіт-парады паводле колькасьці наведваньняў на розных інтэрнэт-сайтах. Галоўным героем, дакладней, антыгероем матчу стаў найлепшы рэфэры Беларусі па выніках 2007 году Сяргей Шмолік.
Судзьдзя паводзіў сябе не зусім адэкватна — практычна ня рухаўся па полі, хістаўся, а канцоўку гульні ўвогуле прастаяў у цэнтры поля. Калі ўрэшце Шмоліка пад рукі выводзілі з поля, ён радасна рэагаваў на сьмех і сьвіст з трыбунаў.
Прысутныя ўжо тады западозрылі, што галоўны судзьдзя выйшаў на гульню “пад мухай”, ад чаго на трыбунах панавала весялосьць. Не да сьмеху было толькі адказным спартовым чыноўнікам. Пазьнейшае абсьледаваньне арбітра на ўтрыманьне алькаголю ў крыві зафіксавала ўзровень 2,6 праміле. Як сьведчаць экспэрты, пасьля 2,5 праміле надыходзіць цяжкая ступень ап’яненьня — то бок Шмолік судзіў абсалютна п’яны.
Вынікам паседжаньня, якое цягнулася 7,5 гадзіны, стала беспрэцэдэнтнае для беларускага футболу рашэньне — пажыцьцёвая дыскваліфікацыя Сяргея Шмоліка ў дачыненьні да матчаў унутраных і міжнародных спаборніцтваў. Аднак канчатковы вэрдыкт у гэтым пытаньні агучыць дысцыплінарная камісія Беларускай фэдэрацыі футболу. Магчыма, сябры камісіі ўсё ж прыслухаюцца да меркаваньня заўзятараў, многія зь якіх лічаць прысуд надзвычай суровым.
Адзін з найбольш вядомых у мінулым футбалістаў і трэнэраў Беларусі Людас Румбуціс перакананы: зьмякчэньне рашэньня ў справе Шмоліка будзе неадпаведным ягонаму ўчынку. Паводле словаў Румбуціса, зь Беларусі ўжо сьмяецца ўвесь спартовы сьвет:
“Уявіце сабе, футбаліст выйшаў п’яны на гульню. Нармальна? Не. Па-першае, ён за гэта зарабляе нядрэнныя ганарары — я маю на ўвазе, што з Фэдэрацыяй футболу ў іх ёсьць пагадненьні аб аплаце. Па-другое, як можна ўвогуле ў такім стане судзіць? Тут жа праца трэнэра, праца гульцоў і, самае галоўнае, вялікая армія заўзятараў. Уявіце, у тым дэрбі ён прыняў бы няправільнае рашэньне — які скандал ужо на іншым узроўні разгарэўся б? Гэта дзякуй Богу, што ўсё скончылася лікам 1:1...
Не павінна такога быць, цалкам гэта трэба выкараняць, каб іншым не хацелася. Ён вельмі добры судзьдзя, умее судзіць. Ня так шмат у нас судзьдзяў, якія здольныя кваліфікавана судзіць. Але такія рэчы?! З нас зараз сьмяецца ўвесь футбольны сьвет. А будуць сьмяяцца яшчэ больш, калі мы дамо яму шанец “выправіцца”. Аднак яму не 18 і не 25 гадоў. Таму я салідарны з рашэньнем камітэту — не з-за таго, што я нібыта яго не паважаю. Не, як судзьдзя ён вельмі добры. Проста за свае ўчынкі трэба адказваць”.