Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем чалавек на Акрэсьціна, тры – у “амэрыканцы”


10 чалавек, якіх затрымалі як падазраваных у дачыненьні да выбуху 4 ліпеня падчас сьвяточнага канцэрту, знаходзяцца ў камэрах ізалятару часовага ўтрыманьня і ў сьледчым ізалятары КДБ – так званай “амэрыканцы”. Усе, апрача адной затрыманай, зьяўляюцца ці былі раней актывістамі моладзевых арганізацыяў. Першыя затрыманьні адбыліся 7 ліпеня. Сваякі затрыманых непакояцца, што іх родных катуюць.

Жонка Ігара Корсака і яго цешча ўпэўненыя, што Ігар распачаў галадоўку пратэсту супраць незаконнага затрыманьня. У Менску трэці дзень, як жыхары бачаць у розных мікрараёнах міліцыю і сапэраў. Міліцыянты кажуць, што выяжджаюць па выкліках пільных грамадзянаў, якія паведамляюць пра падазроныя прадметы.

Цешча Ігара Корсака Тацяна Цяцёркіна апавяла “Свабодзе”:
Відавочна, каму гэта выгадна...


“Бомбу шукаюць?! Ну, гэта тэрор. Ідзе тэрор... Трэба думаць, каму гэта цяпер выгадна перад выбарамі. Прымітыўна. Каму гэта выгадна, усё відавочна. Мы перадалі ежу, але, што там робіцца, ня ведаем. Ваду, вядома ж, яму вязем. Ён вельмі ўпарты і таму, хутчэй за ўсё, трымае галадоўку”.

Затрыманых актывіста кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Паўла Кур’яновіча, лідэра незарэгістраванай “Партыі Свабоды” Сержука Высоцкага і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Сергіенку перавялі ў сьледчы ізалятар КДБ, так званую “амэрыканку”.

Сястра Паўла Кур’яновіча Паліна мае сваё меркаваньне наконт гэтага:
Хочуць, каб кожны затрыманы лічыў, што ён адзіны...


“Я лічу, што майго брата перавялі ў “амэрыканку” не таму, што ён нечым адрозьніваецца ад іншых затрыманых, а таму што сьледчыя ня могуць забясьпечыць іх поўную ізаляцыю ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Я лічу, што яны такім чынам дабіваюцца таго, каб кожны з затрыманых лічыў, што ён адзіны, каб ён ня меў магчымасьці перадаць цыдулку сваім сябрам”.

Затрыманых як падазраваных у выбуху на сьвяточным канцэрце уначы 4 ліпеня дапытваюць у розных месцах – у раённых аддзелах міліцыі і ў сьледчым упраўленьні папярэдняга расьсьледаваньня.

Актывісты моладзевых дэмакратычных арганізацыяў лічаць, што колькасьць затрыманых будзе павялічвацца. Тацяна Цішкевіч паведаміла, што на лесьвічнай пляцоўцы каля дзьвярэй яе кватэры некалькі гадзінаў знаходзіліся міліцыянты.

Каля плошчы Перамогі міліцыянты затрымалі сёньня актывістаў АГП Зьмітра Кавалгіна і Віктара Пятроўскага за раздачу пасланьня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў да выбарцаў. У затрыманых зьнялі адбіткі пальцаў і забралі ўсе ўлёткі, а затым адпусьцілі.

У панядзелак, 14 ліпеня, а 18-й гадзіне ў Менску на Кастрычніцкай плошчы мае адбыцца акцыя салідарнасьці з актывістамі дэмакратычнага руху, затрыманымі ў сувязі зь менскім выбухам. Удзельнікі акцыі, якую ініцыююць Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы, будуць патрабаваць спыненьня палітычных рэпрэсіяў і вызваленьня затрыманых. Напярэдадні ў сувязі з рэпрэсіямі супраць актывістаў прэзыдыюм АДС заявіў пра магчымасьць байкоту сёлетніх парлямэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG