Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыўнікоў шукаюць у "Белым легіёне"


Паводле прадстаўнікоў сілавых структураў, якіх сёньня працытавала Беларускае тэлебачаньне, 4 чалавекі затрыманыя ў сувязі з выбухам бомбы ў Менску. У паведамленьні гаворыцца, што ўсе затрыманыя прадстаўнікі нацыяналістычнай моладзевай групоўкі.

Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяржук Чыслаў трапілі ў камэру пасьля таго, як у іхніх кватэрах зрабілі ператрус.

8 ліпеня на кватэру да цешчы 34-гадовага Ігара Корсака прыйшлі чацьвёра супрацоўнікаў КДБ. Яны патлумачылі, што маюць загад правесьці ператрус у кватэры. Паводле супрацоўнікаў КДБ, прозьвішча Ігара занесена ў базу дадзеных. Сваякі казалі, што 3 ліпеня яны былі ўсёй сям’ёй на лецішчы. Прыехалі ў Менск а 9 вечара, і Ігар знаходзіўся дома.

Ігар Корсак

Жонка Ігара Вольга Корсак паведаміла “Свабодзе”:

“Сказалі, што гэта ў іх такая разнарадка, што ім спушчана дырэктыва, што яны атрымалі загад і таму гэта ня толькі ў нас, а адбываецца масава. Яны, калі яго забіралі, сказалі, што ён прабудзе ў іх гадзіну-паўтары. Напіша тлумачэньне, і яго адпусьцяць.

Ён адтуль чатыры разы тэлефанаваў. Спачатку два разы ўдакладняў, як канкрэтна называецца лецішча. Справа ў тым, што яно маё, і таму ён пытаўся, як правільна напісаць назву. Яшчэ раз патэлефанаваў, што ён затрымліваецца, бо чакае сьледчага. А апошні раз патэлефанаваў каля 12 ночы, што яго затрымліваюць на 72 гадзіны. Затрымалі абсалютна невінаватага чалавека”.

Супрацоўнікі КДБ знайшлі сярод інструмэнтаў пакунак з балтамі і гайкамі, а таксама гумовыя пальчаткі. У кампутары яны шукалі файлы са словам “тратыл”, але нічога не знайшлі. Уначы Ігара пасьля допыту ў КДБ адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.

Міраслава Лазоўскага таксама затрымалі пасьля таго, як на кватэры правялі ператрус.

Яго жонка Ніна Шыдлоўская апавяла “Свабодзе”:

“Цягам пяці гадзінаў праглядаліся ўсе паперы і двойчы кватэра правяралася сабакам. Забралі 31 прадмет. Сярод гэтых рэчаў чамусьці палічылі, што могуць мець дачыненьне да справы, якую распачалі ў зьвязку з выбухам, візытоўкі, нататнікі, дыскеты старыя, відэаматэрыялы, зьвязаныя з маім удзелам у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, а таксама сыстэмны блёк.

Пакуль адбываўся ператрус, супрацоўнікі КДБ забралі майго мужа Міраслава з працы і адразу адвезьлі ў гарадзкое ўпраўленьне”.

Сяржук Чыслаў стала жыве ў Маскве. Яго маці вельмі зьдзівілася візыту супрацоўнікаў КДБ. Яна нават ня ведала, што сын быў у Менску.

“Пастукаліся на лецішча. Шукалі выбуховыя прыстасаваньні. Прагледзелі цьвікі, якія ў нас падрыхтаваныя для будоўлі. Ператрэсьлі ўсё, што было магчыма. Сабака абышоў увесь участак, шукаў выбуховыя прыстасаваньні. У доме шукалі каштоўнасьці чамусьці. Папрасілі адкрыць два пакеты соку.

Потым патэлефанавала дачка і пытаецца, як адчыніць шафу, бо не адчыняецца другая створка. Я спыталася, у чым справа. А яна: “У мяне ператрус”. Ёй сказалі, што пакеты з-пад соку “Садочак” самаробныя, бо аб’ёмам на адзін літар пакетаў не бывае. У яе забралі пусты пакет і старую бляшанку лаку з балькону”.

Ігар Корсак, Сяржук Чыслаў і Міраслаў Лазоўскі каля дзесяці гадоў таму ўваходзілі ў незарэгістраваную арганізацыю “Белы легіён”, якая ўзьнікла ў 1990-х гадох мінулага стагодзьдзя. Актывісты “Белага легіёну” заяўлялі пра неабходнасьць бараніць незалежнасьць Беларусі. Пра прыналежнасьць актывістаў арганізацыі да экстрэмісцкай дзейнасьці нічога не вядома. Апошнія некалькі гадоў пра акцыі з удзелам “Белага легіёну” не паведамлялася.

Паводле заканадаўства, сьледчыя маюць права ўтрымліваць Ігара Корсака, Сержука Чыслава і Міраслава Лазоўскага без прад’яўленьня абвінавачаньня 72 гадзіны. Але пракурор можа працягнуць гэты тэрмін, калі трэба для сьледчых дзеяньняў, яшчэ на 10 сутак.






Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG