Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: “Адстаўка Шэймана – сыгнал Лукашэнкі Захаду”


Стала вядома, як адрэагаваў былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін на выбух ў Менску 4-га ліпеня і адстаўкі Віктара Шэймана і Генадзя Нявыгласа.

Камэнтары Аляксандра Казуліна перадала ягоная дачка Вольга, якая бачылася з бацькам у віцебскай калёніі ў першай палове дня 9 ліпеня. Аляксандар Казулін выказаў спачуваньне ўсім пацярпелым ад выбуху. Палітык спадзяецца, што ўсе яны хутка паправяцца і пакінуць шпіталь.

Што да пошуку вінаватых, Аляксандар Казулін да заканчэньня расьсьледаваньня не выказвае сваіх меркаваньняў на гэтую тэму. Пры гэтым палітык засяроджвае ўвагу на трох асноўных аспэктах здарэньня:

Выбух быў арганізаваны прафэсіяналамі сваёй справы
“Першае — гэта тое, што, відавочна, выбух быў арганізаваны прафэсіяналамі сваёй справы, пра што сьведчыць яго накіраванасьць — толькі ўнізе, па нагах, каб пазьбегнуць сьмерцяў. Узьнікае пытаньне: якія гэта маглі быць прафэсіяналы пры тым татальным кантролі спэцслужбаў, які ёсьць у Беларусі?”

Другое пытаньне, якое задае Аляксандр Казулін, зьвязана з паводзінамі Аляксандра Лукашэнкі пасьля выбуху. Тое, што служба аховы кіраўніка дзяржавы дапусьціла яго на месца здарэньня, сьведчыць пра адну зь дзьвюх рэчаў, мяркуе палітвязень:

“Пасьля першага мог быць другі выбух, таму альбо служба аховы прэзыдэнта дзейнічала непрафэсійна, альбо добра ведала, што другога выбуху ня будзе”.

Трэці момант, над якім, паводле Аляксандра Казуліна, трэба задумацца грамадзтву, — гэта тое, што канцэрт пасьля выбуху ня быў спынены, а сьвяточная праграма не зьмянілася і на наступны дзень. Паводле былога кандыдата на прэзыдэнта, гэта сьведчыць пра стаўленьне ўлады да людзей.

А вось як, паводле Вольгі Казулінай, яе бацька пракамэнтаваў адстаўку Віктара Шэймана і Генадзя Нявыгласа:

Лукашэнка пазбаўляецца ад сілавікоў, якія датычныя да былых палітычных злачынстваў
“Лукашэнка пазбаўляецца ад сілавікоў, якія датычныя да былых палітычных злачынстваў. Гэта ягоны сыгнал зацікаўленым бакам, што ён гатовы да пэўных рухаў, пэўных дзеяньняў. Паводле таты, ані Віктар Шэйман, ані Генадзь Нявыглас ня мелі дачыненьня да выбуху і да таго, што адбывалася пасьля. Тата лічыць, што выбух толькі стаў нагодай для іх адстаўкі, якая рыхтавалася”.

Аляксандар Казулін падзяліўся з дачкой сваімі прагнозамі адносна будучых прызначэньняў на пасады кіраўніка адміністрацыі і дзяржсакратара Рады бясьпекі. Палітвязень не выключае, што на гэтыя пасады прыйдуць асобы, якіх ён называе “маладымі нібыта лібэральнымі палітыкамі”. Гэта Натальля Пяткевіч, якую, паводле Казуліна, могуць прызначыць кіраўніком адміністрацыі, і Віктар Лукашэнка альбо Ўладзімер Канаплёў. Паводле Аляксандра Казуліна, адзін зь іх зойме пасаду дзяржсакратара Рады бясьпекі. У любым выпадку прызначэньні на гэтыя пасады будуць знакавыя, мяркуе Аляксандар Казулін:

“Гэтак Лукашэнка будзе спрабаваць апэляваць да Захаду, што ён нібыта стаў на шлях дэмакратызацыі, вось зьмяніў кіраўнікоў адміністрацыі і Рады бясьпекі”, — кажа Вольга Казуліна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG