Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку заклікалі вэтаваць “драконаўскі закон”


Камітэт абароны журналістаў зьвярнуўся да беларускага кіраўніка з заклікам не падпісваць “драконаўскі” праект закона аб СМІ ў Беларусі.


У лісьце выканаўчага дырэктара Камітэту абароны журналістаў Джоэля Саймана, накіраваным па факсе ў адміністрацыю А. Лукашэнкі, зазначаецца, што гэты закон быў ухвалены без дэбатаў у парлямэнце і грамадзкага абмеркаваньня ды ўліку меркаваньняў незалежных журналістаў і СМІ.

На думку Камітэту, гэты закон прымаецца, каб аблягчыць дзяржаўным структурам ўціск незалежных выданьняў і пашырыць кантроль дзяржавы над незалежнымі СМІ і іх журналістамі. Апрача таго законапраект утрымлівае палажэньні, якія дазволяць дзяржаўным структурам увесьці строгі кантроль за інфармацыяй, што публікуецца ў інтэрнэце.

“Падаўленьне вашай адміністрацыяй звычайных СМІ пераўтварыла інтэрнэт у апошні прытулак для незалежных журналістаў. Аднак прапанаваны законапраект дазваляе ўраду цэнзураваць інтэрнэт. Праект прапануе прыраўняць публікацыі ў інтэрнэце са звычайнымі СМІ і ўвесьці супраць іх такія самыя абмежаваньні. У дадатак артыкулы 11 і 17 законапраекту даюць дадатковыя паўнамоцтвы Савету Міністраў адмаўляць у рэгістрацыі вэб-рэсурсаў і забараняць распаўсюд базаванай у сеціве інфармацыі”, піша Джоэль Сайман А. Лукашэнку.

Урэшце ён заклікаў беларускага прэзыдэнта не падпісваць гэты “драконаўскі закон” і вярнуць яго назад у парлямэнт, заклікаўшы дэпутатаў далучыць да дынамічнай і канструктыўнай дыскусіі незалежных журналістаў, мэдыя-экспэртаў, праваабаронцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG