Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Скрабец узначаліў выбарчы штаб партыі С.Шушкевіча


Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСДГ), якую ачольвае Станіслаў Шушкевіч, падрыхтавала сьпіс з 52 актывістаў, якія маюць намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. А дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец, якога абралі намесьнікам кіраўніка партыі, узначаліў партыйны выбарчы штаб.

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада дэ-юрэ ўваходзіць у Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Па адзіным сьпісе АДС Станіслаў Шушкевіч вылучаны ў склад акруговай выбарчай камісіі, а яшчэ два сябры партыі балятуюцца (і зноў жа па адзіным сьпісе) як прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты. Навошта ж тады асобны сьпіс?

Намесьніца старшыні БСДГ Сьвятлана Губейка, перш чым адказаць на пытаньне, адзначае: апошнім часам склад партыі значна пашырыўся, паступіла 170 заяваў. А што тычыцца непасрэдна выбараў, дык тут, на яе думку, сытуацыя выглядае так:

“Мы ж разумеем: галоўнае, што будзе, — гэта інфармацыйная кампанія. А значыць, чым больш людзей пойдзе ў народ, тым больш будзе карысьці. Таму мы стварылі свой асобны сьпіс. Людзі пажадалі ўдзельнічаць у выбарах. І гэта будуць пераважна сьвежыя асобы, якія яшчэ не зусім знаёмыя і як бы не набілі аскомы нікому”.

Гэтую думку падзяляе і Сяргей Скрабец, які зьбіраецца балятавацца ў Лідзе, дзе 8 гадоў таму яго абралі дэпутатам. Тамсама па адзіным сьпісе АДС вылучаецца настаўніца, сябра Партыі камуністаў Беларускай Яніна Гузоўская. Сяргей Скрабец адзначае:

“Кандыдатура чалавека, які будзе прадстаўляць Ліду ў парлямэнце, ужо ўзгодненая з Лукашэнкам. Таму мы будзем са спадарыняй Гузоўскай падтрымліваць адзін аднаго. Мы добра знаёмыя. Яна падтрымлівала мяне, калі я ішоў у дэпутаты ў 2000 годзе. Я лічу, што ў нас аднолькавыя шанцы зарэгістравацца”.

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць:

“Мы знаходзімся ў пэрыядзе, калі дробныя палітычныя сілы павышаюць уласную значнасьць, сваё асобнае знаходжаньне. Так робіць даволі аморфная “Эўрапейская кааліцыя”, якая сьцьвярджае, што яна пойдзе на выбары асобнай калёнай. Прыгадаю, што на пачатку мінулага выбарчага цыклю такія дробныя ўтварэньні павышалі ўласную значнасьць праз дэманстрацыю сваёй асобнай пазыцыі. Але калі справа даходзіць да рэальных дзеяньняў, дык атрымліваецца, што вагу маюць выключна буйныя палітычныя сілы. А менавіта тыя, якія здольныя правесьці значную агульнанацыянальную кампанію, накшталт прэзыдэнцкіх выбараў.

Задача — інтэграваць гэтыя дробныя групоўкі ў агульную палітычную стратэгію. Зараз бачна, што АДС зь ёй не спраўляецца, бо праяўляюцца цэнтрабежныя тэндэнцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG