Лінкі ўнівэрсальнага доступу

”Зьдзівіла: усё ў крыві, а гуляньне працягвалася”


28-гадовая Ліля Мельнік, якая знаходзіцца ў 6-м шпіталі з параненымі нагамі, была ў эпіцэнтры выбуху.


Мельнік: “Была на гэтым сьвяце, стаяла размаўляла па тэлефоне. Аказваецца, зьлева ад мяне стаяла каробка з-пад соку, ў ёй гэтая бомба ці што? І вось я размаўляла па мабільным тэлефоне, і рванула. Прыгажосьць вось такая во! Я адна засталася, усе разьбегліся. А ў нас такі плед быў, я сядзела на пледзе. І бачу: кроў, ногі ўсе ў крыві. Потым падскочылі людзі, міліцыя, мяне на рукі і данесьлі да “хуткай” дапамогі. У мяне ўсе шлёпанцы былі наскрозь. Тэлефон адляцеў на вялікую адлегласьць.Я спачатку падумала: можа, гэта што з мабільным? Аказваецца, гэта бомба была нейкімі гайкамі нашпігаваная. І атрымоўваецца: з калена даставалі гайкі. І з нагі даставалі гайкі”.

Карэспандэнт: Але ж там было вельмі многа міліцыі?

Мельнік: “Мы калі заходзілі на гэту плошчу, у нас быў з сабой пакет, там быў плед . У нас праверылі пакеты, усё. Я зьдзіўляюся, як гэта можна было і навошта? Сёньня сьледчы быў, у мяне бралі паказаньні. Мы каля елачак сядзелі. Якраз салют прайшоў, і мінут трыццаць прайшло. Я была з сяброўкай і яна са сваім хлопцам. Яны не пацярпелі, бо сядзелі справа. А я і гэта бомба зьлева.

Я хачу сказаць вялікі дзякуй хлопцу ў чорнай кашулі і штанах, ён падняў мяне на рукі і вынес адтуль. Мяне паклалі ў “хуткую” і адвезьлі.У машыне ехаў разам яшчэ хлопец, у яго нешта было з нагой.

Доктар сказаў, што яшчэ слава Богу, добра абышлося. Бо пальцаў на правай назе я наогул не адчуваю.”

Карэспандэнт: "Але выбух не спыніў сьвяткаваньняў?"

Мельнік: “Нават ня думала, што ў нас у Беларусі нешта такое могуць зрабіць! Яшчэ ўсе рукі ў крыві, зараз ні ўстаць, ні сесьці. Ніколі не чакала. Яшчэ ў Расеі магло такое здарыцца, але што ў нас у Беларусі... Я сапраўды ў шоку!

Нават сама міліцыя зьдзіўляецца, што гуляньне далей працягвалася. 25 чалавек пацярпелых, два ў цяжкім стане. Тут “хуткая”, усё ў крыві, у нейкага хлопца усё штаны былі наогул у крыві. Але гуляньне працягвалася далей, быццам нічога не адбылося. Гэта больш за ўсё зьдзіўляе. Бо маглі ўсю гэту зону ачапіць. Зьдзівіла, што гуляньне працягвалася, а там цэлая куча пацярпелых, можа нават не хапала “хуткіх”, бо ў машыну па два чалавекі клалі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG