Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАТО прэтэндуе на сусьветнае панаваньне”


Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе на парадзе заявіў, што “НАТО застаецца самым магутным вайсковым блёкам, які прэтэндуе на сусьветнае панаваньне”.

Парад адбываўся ля абэліску “Менск — горад-герой”. У ім узялі ўдзел каля трох тысяч чалавек, 20 парадных разьлікаў, якія прадставілі ўсе віды войскаў Узброеных сілаў Беларусі. Вайсковай тэхнікі на парадзе не было. Прэсавы сакратар міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык патлумачыў, што вайсковая тэхніка выкарыстоўваецца толькі ў юбілейныя даты.
Незваротны характар набывае працэс разьмяшчэньня ля нашых межаў элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны

Трансьляцыя параду вялася па беларускім тэлебачаньні.

У сваім выступе перад пачаткам шэсьця Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што сёньня адзначаецца й 64-я гадавіна вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гаворачы пра сёньняшнія выклікі і пагрозы чалавецтву, ён згадаў і недахоп энэргарэсурсаў.

“Мы становімся сьведкамі таго, як з падачы некаторых палітыкаў робяцца спробы ня толькі перапісаць гісторыю, але і канчаткова разбурыць створаную пасьля вайны сыстэму міжнародных стасункаў. Рэальна акрэсьлілася пэрспэктыва далейшага пашырэньня Паўночна-Атлянтычнага альянсу за кошт асобных краінаў постсавецкай прасторы. НАТО застаецца самым магутным вайсковым блёкам, які прэтэндуе на сусьветнае панаваньне. Яго інфраструктура ўжо ўшчыльную набліжана да межаў краіны. Незваротны характар набывае працэс разьмяшчэньня ля нашых межаў элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны”.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у новых умовах міжнароднага становішча сыстэма нацыянальнай і вайсковай бясьпекі Беларусі будзе няспынна ўдасканальвацца. Адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ён лічыць умацаваньне Ўзброеных сілаў.

“Мы ўмацоўваем дзяржаўнасьць. Энэргічна мадэрнізуем эканоміку, фармуем здаровую грамадзянскую супольнасьць. Забясьпечваем стабільнасьць і парадак у грамадзтве, бясьпеку нашых грамадзянаў”.

Пасьля параду вайскоўцаў у цэнтры Менску адбылося шэсьце спартоўцаў і фізкультурнікаў у стылістыцы СССР 30-х гадоў.


Афіцыйная назва сёньняшняга сьвята – Дзень незалежнасьці (Дзень рэспублікі). Адзначаецца яно з 1997 году ў дзень вызваленьня Менску ад нацыстаў у 1944 годзе. Рашэньне аб пераносе сьвята з 27 ліпеня, калі ў 1990 году была абвешчаная Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, было ініцыяванае А. Лукашэнкам і ўхваленае на рэфэрэндуме ў лістападзе 1996 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG