Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мару пра час, калі жанчына стане прэзыдэнтам нашае краіны”


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ўладзімер Арлоў прапанаваў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Беларуская жанчына: гісторыя, сучаснасьць, будучыня”. Яна прагучыць у пятніцу. А сёньня спадар Арлоў гаворыць пра жанчын заўтрашняй Беларусі.

Арлоў: “Я веру, што праміне ня так шмат часу і нашыя жанчыны будуць разам з намі жыць у іншай краіне. Хоць называцца яна будзе гэтаксама – Рэспубліка Беларусь.
Гэтая краіна будзе адкрытая сьвету. У гэтай краіне будзе кіраваць закон. У гэтай краіне будуць шанавацца нашыя мова і культура.
У гэтай краіне Дзень волі – 25 сакавіка – будзе галоўным дзяржаўным сьвятам. І ў гэты дзень нашым жанчынам можна будзе не хвалявацца, што сын ці муж ня вернуцца са сьвяткаваньня дадому.
Веру, што тады беларускія жанчыны яшчэ больш зьдзівяць сьвет. І сваім хараством, і сваімі шматстайнымі талентамі.
Паезьдзіўшы па розных краінах, я ўбачыў, што ў вольным сьвеце беларускі вельмі часта жывуць амаль цэлае стагодзьдзе.
Як, да прыкладу, нашая выдатная паэтка Натальля Арсеньева. Або бабуля сьпевака Данчыка Яніна Каханоўская.
Столькі сама абавязкова будуць жыць беларускі і на радзіме.
І апошняе: мару пра час, калі жанчына стане прэзыдэнтам нашае краіны”.
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ўладзімер Арлоў закончыў гістфак БДУ, працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура». Аўтар больш за трыццаць кнігаў прозы, эсэістыкі й паэзіі.
"Таямніцы полацкай гісторыі" і "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" (у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам) увайшлі ў сьпіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя, складзены на падставе чытацкіх лістоў газэтай "Наша Ніва".
Днямі яму ўручылі прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG