Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчы сьпіс АДС мяняецца


Сёньня ў Вільні прайшло выязное паседжаньне Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Актывісты апазыцыі абмеркавалі падрыхтоўку да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Яны ўнесьлі некаторыя зьмены ў адзіны сьпіс кандыдатаў у дэпутаты.

Зьмены ў сьпісе зьявіліся з розных прычынаў. Прыкладам, у Полацкай акрузе зьбіраўся балятавацца 59-гадовы Леанід Карпішын з Партыі камуністаў Беларускай. Раптоўная сьмерць прэтэндэнта прымушае шукаць новага кандыдата.
У Клецкай акрузе прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі спадарыня Панамарова шчыра прызналася, што ня можа процістаяць моцнаму ціску на сябе з боку ўладаў. Замест яе тут будзе балятавацца цяперашні дэпутат Фаніпальскага савету Аляксандар Залатар. Адмовіўся ад барацьбы за мандат у Слуцкай акрузе дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Валеры Фралоў. Сваё рашэньне генэрал тлумачыць “Свабодзе” так:
“У мяне шанцаў прайсьці зноў у Палату няма ніякіх. Яшчэ і таму, што ўсе, хто туды пойдуць, мусяць мець на сябе нейкі кампрамат. Зразумела, каб чалавекам можна было кіраваць. А на мяне ўлады кампрамату не знайшлі.
Таму марнаваць нэрвы, здароў’е, нейкія сродкі? Ну, кажуць, што патрэбна скарыстаць магчымасьць і агітаваць людзей. Але ж можна хоць кожны дзень агітаваць людзей. Ніхто ж не забараняе”.
Валеры Фралоў кажа, што на яго асабіста ніякага ціску не было. З выбарчай кампаніі ён не выключаецца і ўжо дапамагае Анатолю Юрэвічу — таварышу па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), які зьбіраецца заняць яго месца ў Слуцкай акрузе.
Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька кажа, што паседжаньне ў Вільні настройвае на аптымізм:
“Упершыню за многія доўгія гады з пункту гледжаньня кааліцыйнай супрацы і вырашэньня арганізацыйных пытаньняў мы як ніколі падрыхтаваныя”.
А на пытаньне, якім чынам невыязны Лябедзька сёньня апынуўся ў Вільні —няўжо праз Маскву? — прагучаў такі адказ:
“Я калі ехаў тут у таксоўцы, дык кіроўца быў у поўным захапленьні ад Беларусі — там усё нармальна, парадак. Я яго не агітаваў. Я толькі паказаў яму свой пашпарт з адзнакай, што мне забаронены выезд за межы Беларусі. І расказаў яму, што прыехаў у Вільню, якая за 30 кілямэтраў ад Беларусі, такім доўгім шляхам — праз Маскву.
І тады кіроўца сказаў: “Гэта проста жудасна! Такога ня можа быць! Гэта нейкі абсурд, дзікасьць!” Было дастаткова аднаго гэтага прыкладу, каб чалавека з прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і таго, што ён робіць, ператварыць у чалавека, які гэта асуджае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG