Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: суд апраўдаў актывіста Івана Стасюка


Сёньня суд Ленінскага раёну Берасьця вызваліў з-пад варты ў міліцэйскім пастарунку Івана Стасюка — моладзевага грамадзкага актывіста. Судзьдзя Алег Міранюк спыніў адміністрацыйную справу супраць Стасюка ў сувязі з адсутнасьцю доказаў яго віны.

Моладзевага актывіста Івана Стасюка міліцыянты затрымалі днём у Берасьці ў нядзелю, 29 чэрвеня. На праспэкце Машэрава ён раздаваў мінакам улёткі з заклікамі за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу. Пра падрабязнасьці затрыманьня — Іван Стасюк:

“Падышлі два міліцыянты. Заламалі рукі і адвялі ў сваю аўтамашыну. Адвезьлі ў Ленінскі РАУС. Ужо там склалі першы пратакол аб затрыманьні і дастаўленьні ў РАУС. Пасьля склалі і другі пратакол. Зь яго вынікае, што нібыта я выходзіў з будынку РАУС і пры гэтым брыдкасловіў. За гэтую лаянку, як запісалі міліцыянты ў пратаколе, мяне нібыта затрымалі зноў. Хаця насамрэч я не пакідаў будынку РАУС”.

Мінулую ноч Іван Стасюк правёў у пастарунку. Раніцай міліцыянты даставілі юнака ў суд. Паводле міліцэйскага пратаколу, яму пагражаў штраф за нібыта ўчыненае ім дробнае хуліганства.

У судзе Івана Стасюка абараняў адвакат. Міліцыянты, якія затрымлівалі Івана Стасюка ў нядзелю, у судзе не прысутнічалі. Судзьдзя Алег Міранюк не знайшоў доказаў віны апазыцыянэра.

Івану Стасюку — 21 год. Раней вучыўся на гістарычным факультэце Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Быў выключаны ў часе апошняй выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Пасьля вучыўся ў Польшчы па праграме імя Каліноўскага. Вярнуўся ў Берасьце па сямейных абставінах. Раней яго арыштоўвалі на 15 сутак і некалькі разоў штрафавалі за ўдзел у палітычных акцыях апазыцыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG