Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларускім сьпісе “невыязных” 260 тысяч чалавек


Афіцыйны Менск рыхтуецца да аб’яднаньня сваёй базы невыязных грамадзянаў з расейскай. Пра гэта паведамілі ў дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. У выніку невыязныя беларускія апазыцыянэры ня змогуць патрапіць за мяжу і праз Расею.

Намесьнік начальніка дэпартамэнта грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксей Бягун сказаў, што падставай для аб’яднаньня сьпісаў невыязных ёсьць дамоўленасьць у рамках ЭўраЗЭС, якая рэглямэнтуе ўзаемныя паездкі грамадзянаў:

“Пагадненьне было, але яно не працавала. Бо ня ўсе былі гатовыя. Мы ж банк дадзеных толькі ў гэтым годзе зрабілі. Расейская Фэдэрацыя ідзе больш паступальна”.

Паводле спадара Бегуна, дамоўленасьць пачне дзейнічаць “як толькі кампэтэнтныя органы навучацца вырашаць тэхнічныя пытаньні, зьвязаныя з перадачай інфармацыі. Інтарэс ёсьць з аднаго і другога боку.”

У сьпісе невыязных, які маюць беларускія памежнікі, 260 тысяч грамадзянаў. Сярод іх асобы, якія знаходзяцца ў вышуку па лініі Інтэрполу. Саміх беларусаў у гэтым сьпісе прыкладна ў два разы меней, сказаў начальнік прэс-службы дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка:

“Ідэя ўвядзеньня агульных базаў ня новая. Проста з-за спробы неяк перавесьці гэтае пытаньне ў іншы ракурс, палітызаваць, мякка кажучы, увесь час гэтае пытаньне абмяркоўваецца з аднаго пункту погляду. Гэтая база настроена не на тое, каб ушчамляць нечыя правы, а найперш для таго, каб вырашаць пытаньні бясьпекі”.
Беларускія ўлады тут цікавяць ня столькі злачынцы, колькі палітычныя апанэнты беларускага рэжыму

У беларускім сьпісе невыязных апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька. Аднак нядаўна ён зноў выехаў у Эўропу праз Расею. Адносна мэтаў аб’яднаньня згаданых базаў ён сказаў:

“Якраз беларускія ўлады тут цікавяць ня столькі злачынцы, колькі палітычныя апанэнты беларускага рэжыму. Але гэта ня так проста, бо расейскі бок хоча комплексна разглядаць гэтае пытаньне. У іх ёсьць зацікаўленасьць, каб адносна грамадзянаў Грузіі беларускі бок увёў візавыя санкцыі. А гэта супярэчыць заканадаўству ў межах СНД. Практычная рэалізацыя гэтага даволі складаная. Калі гэта будзе палітычная воля на ўзроўні дзьвюх службаў, падтрыманая зьверху, гэта можа быць рэалізавана як частка пакету”.
Спадар Лябедзька абмеркаваў гэтае пытаньне з расейскім упаўнаважаным у правах чалавека Ўладзімерам Лукіным і зь вядомым расейскім журналістам Мікалаем Сванідзэ. Каб у выпадку аб’яднаньня сьпісаў разьлічваць на іх падтрымку.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Ўладзімер Лукін заявіў, што будзе камэнтаваць толькі факты ці дакумэнты. Ён нагадаў, што толькі рашэньне суду можа быць падставай для забароны на выезд:
“Спадар Лябедзька нядаўна быў у Расеі. Я зь ім бачыўся. І ён можа спакойна прыехаць у Расею і спакойна паехаць з Расеі куды яму захочацца. А астатняе трэба вывучаць, зьвяраць з законамі і гэтак далей. Я ня ведаю законаў, у выніку якіх спадар ня Лябедзька мог бы прыехаць у Расею і ня мог бы зь яе выехаць свабодна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG