Сёлета зь беларускіх унівэрсытэтаў за апазыцыйную дзейнасьць адлічылі каля дзясятка студэнтаў. Гэта амаль у 50 разоў менш, чым за апошнія два гады. У сьпіс трапілі толькі тыя, супраць якіх распачалі крымінальныя справы, а таксама лідэры моладзевых арганізацый.
У Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце адлічылі Касю Салаўёву. Як толькі супраць дзяўчыны распачалі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, яе выклікалі на катэдру замежных моваў і паведамілі, што адлічваюць за пропускі і непасьпяховасьць.
Непаўналетняга мазырскага актывіста “Маладога фронту” Фёдара Чаранкова адлічылі з Мазырскага пэдунівэрсытэту пасьля таго, як на яго былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Актывістку руху “Джынс за свабоду” Тацяну Цішкевіч адлічылі з Унівэрсытэту фізкультуры, калі яна адбывала арышт за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў.
Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” Антона Койпіша адлічылі з матэматычнага факультэту БДУ, пасьля таго як хлопец атрымаў статус абвінавачанага ў “справе 14-ці”.
Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага ўнівэрсытэту пасьля таго, як ён паспрабаваў арганізаваць канцэрт бардаўскай песьні. Пакуль хлопец у судзе намагаўся прызнаць адлічэньне незаконным, яго гвалтоўна забралі ў войска.
Сёлета ў адлічаных хлопцаў пачаліся праблемы з ваенкаматамі. Іх закідвалі позвамі на камісію, участковыя папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад службы ў войску. Франка Вячорку некалькі разоў выклікалі ў ваенкамат. Мэдкамісія знайшла ў яго хваробу вачэй. Пасьля апэрацыі Франку далі адтэрміноўку ад войска на паўгода.
Гаворыць Франак Вячорка:
“Гэты крок зроблены насуперак таму, што працуюць розныя міжнародныя праграмы падтрымкі выключаных па палітычных матывах студэнтаў. Такія, як праграма Каліноўскага, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. І каб гэтыя студэнты не змаглі ані зьехаць за мяжу, ані працягваць сваю палітычную дзейнасьць у Беларусі. Іх проста вэрбуюць, мабілізуюць у войска. Іншых прычынаў такой масавай рэкрутацыі гэтым летам я ня бачу. Глябальная і прымусовая рэкрутацыя вяртаецца да нас з часоў Расейскай імпэрыі, калі людзей, няўгодных цару, прымусова забіралі на 25 год у расейскае войска”.
Цяпер Франак судзіцца з унівэрсытэтам за права працягваць вучобу на журфаку.
Актывістка партыі БНФ Каця Маркоўская, каб ня мець праблемаў з-за таго, што адмовілася паехаць пасьля заканчэньня БДУ працаваць па разьмеркаваньні, не пайшла на апошні экзамэн, каб не атрымліваць дыплём.
А вось выпускніца БДУ Ксенія Авілава ўжо атрымала позву ў суд за адмову працаваць у Валожынскай раённай газэце.
“Каб я ведала, што такое будзе, то я б лепей не паступала на бюджэтнае аддзяленьне ў свой час, а засталася б на платным. Гэта было б таньней, чым выплачваць цяпер грошы за маё навучаньне цалкам. Дэкану разьмеркаваньне не спадабалася ў газэту, у якой я тады працавала, у “Белорусы и рынок”. Ён так і сказаў, што газэта дазваляе сабе няправільныя выказваньні на адрас улад, таму мы вас туды не разьмяркуем”.
За свае дэмакратычныя погляды з унівэрсытэтаў былі звольненыя некалькі выкладчыкаў. Сярод іх — выкладчык Унівэрсытэту культуры Юрась Бачышча. Звароты ў суд не далі плёну. Міжнародныя праекты дапамагаюць выключна студэнтам, якіх перасьледуюць за ўдзел у дэмакратычным руху. Звольненыя выкладчыкі застаюцца сам-насам са сваёй праблемай. Яны трапляюць у “чорныя сьпісы” і ўладкавацца на выкладчыцкую працу ўжо ня могуць.