Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына – аб прэзыдэнцкім дэкрэце


Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які вызначае правы чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу. Гэты дакумэнт будзе дзейнічаць падчас сёлетняй выбарчай кампаніі. Якія магчымасьці атрымаюць новыя сябры ЦВК?

У дэкрэце адзначаецца: права накіраваць сваіх прадстаўнікоў у Цэнтравыбаркам маюць палітычныя партыі. Аднак ня ўсе, а толькі тыя, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты.

Прэзыдэнцкі дэкрэт мае № 13. Гэта дало падставу старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай скаазць:

"Я ўжо 12 гадоў працую са службовым пасьведчаньнем пад тым жа нумарам. Таму я лічу гэтую лічбу шчасьлівай і вельмі ўдалай для сябе. А гэта значыць, што і для ўсёй цэнтральнай камісіі”.

Заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб зьвяртае ўвагу на той пункт дэкрэту, якім вызначана, што сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ня можа “ўдзельнічаць у праверках, якія праводзіць Цэнтральная камісія”:

“Сядзіце, выступайце, лямкайце... А мы вас на праверку ня возьмем. І нічога не пакажам. А калі ня будуць дапушчаныя да праверак, дык які толк з гэтых дарадчыкаў?! Дэкрэт ня ўнёс нічога новага для дэмакратызацыі выбарчага працэсу”, — канстатуе спадар Грыб.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган на папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў ужо была сябрам ЦВК з правам дарадчага голасу. Яна пагаджаецца з тым, што новы дэкрэт не палепшыў статусу партыйных прадстаўнікоў у Цэнтравыбаркаме.

Але, зыходзячы з досьведу 2004 году, Алена Скрыган лічыць, што апазыцыйным палітычным партыям нельга ігнараваць сваё прадстаўніцтва ў ЦВК:

“Мне здаецца, што гэта ўсё ж важна. Бо ў нас ёсьць досьвед мінулых парлямэнцкіх выбараў. Тады сябры ЦВК з правам дарадчага голасу мелі магчымасьць і задаваць пытаньні, і атрымліваць адказы, і выступаць са сваімі заўвагамі, прапановамі. І ў нейкай ступені гэта, можа, і ўзьдзейнічала на вынікі галасаваньня. Паколькі многія кандыдаты, якім акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі, былі ўсё ж зарэгістраваныя Цэнтральнай камісіяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG