Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Ярмошына спадзяецца на новы палітычны тон выбараў


Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яно стала першым, якое прысьвечана маючым адбыцца 28 верасьня парлямэнцкім выбарам.

Адказваючы нашаму радыё пра адметнасьць сёлетніх выбараў, іх адрозьненьне ад папярэдніх, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына выказала думку, што, магчыма, палітычны тон і дух кампаніі зьменяцца.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў жыхары Менску абяруць 20 дэпутатаў. Гэта на 2 больш, чым на папярэдніх выбарах. А вось у Віцебскай вобласьці застанецца толькі 14 парлямэнтароў, што на 2 менш, чым чатыры гады таму. Гэта — вынік зьмены дэмаграфічнай сытуацыі, адзначылі на паседжаньні. Прадстаўніцтва іншых рэгіёнаў ня зьменіцца.

Самая вялікая акруга — у Мазыры, дзе больш за 70 тысяч выбарнікаў. У чатырох найменшых акругах колькасьць выбарнікаў набліжаецца да 58 тысячаў.

Заўтра зьвесткі пра межы ўсіх 110 акругаў апублікуюць, і гэта дасьць магчымасьць вылучаць кандыдатаў у акруговыя выбарчыя камісіі. А вось прэтэндэнтаў у дэпутаты пачнуць вылучаць ад 20 ліпеня.

Чым чарговыя выбары будуць прынцыпова адрозьнівацца ад мінулых? — запытаў я старшыню ЦВК.

“З пункту гледжаньня заканадаўства амаль нічым. У нас зьявіліся некаторыя зьмены ў Выбарчым кодэксе, прынятыя ў 2006 годзе. Але яны не канцэптуальныя.

Можа, зьменіцца нейкім чынам палітычны тон, палітычны дух дадзенай выбарчай кампаніі. Ён стане яшчэ больш адкрытым”.

Лідзія Ярмошына таксама паабяцала, што выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць “арганізавана і добразычліва”.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка ставіцца да абяцаньняў старшыні ЦВК насьцярожана:

“Пакуль гэтая добразычлівая рыторыка не пацьвярджаецца ніякімі справамі. А добра ведаючы сытуацыю з папярэднімі кампаніямі, можна лічыць, што ўсё і скончыцца словамі.

Некаторыя зрухі, мабыць, усё ж такі будуць. Я прагназую, што ў акруговыя камісіі будуць уключаны прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Але толькі гэта прынцыпова не вырашае праблему паляпшэньня выбарчай сытуацыі. Усё гэта трэба разглядаць комплексна. І пакуль што тэндэнцыі ня вельмі абнадзейваюць”.

Старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алегу Гулаку, які прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні ЦВК, спадабалася яго даволі спакойная атмасфэра. Камісія дэманстравала нейкае пацяпленьне, лічыць ён. Спадар Гулак дадаў, што ён зьвярнуўся з просьбай атрымаць усе пастановы ЦВК, паколькі, як сёньня казалі, ня ўсе гэтыя дакумэнты зьявяцца на афіцыйным сайце Цэнтравыбаркаму:

“Мы разьлічваем усё гэта атрымаць. І гэта будзе першым крокам у тым, наколькі адкрытай можа быць гэтая выбарчая кампанія”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG