Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ працягвае запалохваць студэнтаў


Актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Алесь Галавач паведаміў “Свабодзе”, што супрацоўнік КДБ патрабаваў ад яго інфармацыю ў кабінэце дэканату.

За адмову ён пагражаў студэнту адлічэньнем зь Беларускага ўнівэрсытэту культуры. .

Алесь Галавач вучыцца на пятым курсе факультэту традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. Алесь рыхтуецца абараняць дыплём на тэатральнай катадры. Ён апавёў, што сёньня яго выклікалі ў дэканат на размову. Там яго чакаў супрацоўнік КДБ. Як толькі Алесь прыйшоў, ім прадставілі асобны кабінэт.

Алесь Галавач: “Ён патрабаваў ад мяне, каб я даў яму інфармацыю аб тым, дзе я знаходзіўся падчас акцыі прадпрымальнікаў. Запытваў, сябрам якой арганізацыі я зьяўляюся. Пасьля гэтага ён паказаў мне здымкі з Дня Волі, пачаў падвышаць голас. Я ўстаў і сказаў, што больш не жадаю зь ім размаўляць. Ён мне казаў: “Ня хочаш размаўляць са мной па-добраму, дык вучыцца тут ня будзеш!”. Пачаў розныя пагрозы казаць на мой адрас.

Я выйшаў у калідор і пайшоў. Ён там мне ўздагон крычаў, але я не аглядаўся. Крычаў: “Ты актывіст?! Я такіх актывістаў як ты ня першы раз бачу!"Хаця сам добра, калі гады на тры старэйшы за мяне”.

Алесь Галавач прыгадаў, што 21 студзеня, калі на Кастрычніцкай плошчы зьбіраліся прадпрымальнікі на мітынг, яго затрымалі людзі ў цывільным і зацягнулі ў Палац прафсаюзаў.

Алесь Галавач: “Забралі сьцягі, якія афіцыйна зарэгістраваныя, а гэта сьцягі АГП. Пабілі мяне троху. Забралі дзьве расьцяжкі: “Свабоду Казуліну!” і “Свабоду прадпрымальнікам!”. Я адштурхнуў аднаго зь іх. Мне ўдалося выбегчы і схавацца ў натоўп. Я лічу, што яны помсьцяць мне за тое, што ўпусьцілі тады. Яны ня ведалі майго прозьвішча, нічога. 25-га сакавіка яны мяне апазналі, відаць, пасьля таго, як мяне паказалі ў “Панараме” буйным плянам”.

Алесь Галавач паведаміў “Свабодзе”, што размова з супрацоўнікам КДБ ніяк не паўплывае на яго перакананьні. Ён ня першы студэнт, якога наведаў прадстаўнік спэцслужбы. Цягам году ва ўнівэрсытэты і нават школы прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Яны патрабавалі, каб актывісты моладзевага дэмакратычнага руху давалі ім зьвесткі пра сваю дзейнасьць. Яны палохалі настаўнікаў і бацькоў актывістаў праблемамі на працы.

Часам супрацоўнікі КДБ распытвалі аднакурсьнікаў апазыцыянэраў і суседзяў у інтэрнаце нават пра тое, аб чым размаўляюць актывісты па-за вучобай.

Некаторых студэнтаў пасьля візытаў супрацоўнікаў КДБ адлічылі з вучобы з фармулёўкай “за акадэмічную непасьпяховасьць”. Сярод іх Кася Салаўёва з Полацкага ўнівэрсытэту, Франак Вячорка з Белдзяржунівэрсытэту, Вольга Мядзьведзева зь лінгвістычнага ўнівэрсытэту, салігорскі школьнік Іван Шыла ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG