Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы ня хочуць зьяжджаць зь Беларусі


Некаторыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, а таксама моладзі БНФ адмаўляюцца ехаць за мяжу на стацыянарнае навучаньне.

Яны зьвярнуліся да амбасадараў краінаў Эўразьвязу і ў амбасаду Ўкраіны, каб ім дапамаглі ўладкавацца на завочную форму навучаньня.

Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху, адлічаныя з вучобы або пазбаўленыя магчымасьці атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі, шукаюць замежныя ўнівэрсытэты, дзе ёсьць завочная форма навучаньня.

Некаторыя зь іх, у тым ліку і Кася Салаўёва, якую выключылі з Полацкага ўнівэрсытэту пасьля таго, як супраць яе распачалі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, шукаюць спэцыяльнасьці, якія іх цікавяць.

Праграма Кастуся Каліноўскага дае маладым апазыцыянэрам магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю ў польскіх унівэрсытэтах. Але вучыцца трэба на дзённым аддзяленьні.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні можа прыняць студэнтаў на завочную форму навучаньня, але ў гэтым выпадку пералік спэцыяльнасьцяў будзе абмежаваны.

Галоўная мэта актывістаў — застацца ў Беларусі і атрымаць якасную адукацыю.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Людзям прапануюць зьяжджаць і атрымліваць адукацыю за мяжой. Але маладафронтаўцы ня хочуць зьяжджаць. Яны хочуць працягваць змагацца і дзеля гэтага заставацца ў Беларусі. Разам з тым яны ня хочуць атрымліваць ліпавыя атэстаты: маўляў, вось за геройства трымайце дыплём і лічыцеся вучонымі. Яны хочуць авалодаць ведамі. Яны хочуць быць кваліфікаванымі спэцыялістамі ў далейшым. І ў гэтым становішчы адзінае выйсьце — завочнае навучаньне”.

Намесьніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка сёлета скончыла школу. Яе летась судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Наста паведаміла, што не паедзе вучыцца за мяжу на стацыянарным аддзяленьні.

“Праграма Кастуся Каліноўскага — гэта сапраўдная магчымасьць атрымаць якасную адукацыю. Але на дадзены момант для актывістаў моладзевага руху, якія мусяць працаваць штодня, гэта пройгрышны варыянт. Адчуваньне, што ты пакідаеш Радзіму, а тым больш — ты цудоўна разумееш, што ты працуеш не для таго, каб аднойчы штосьці зьмяніць у гэтай краіне празь нейкі час, празь нейкі год. Ты працуеш штодня дзеля зьмяненьня краіны, дзеля зьмяненьня самога сябе. Мы, моладзевыя лідэры, мусім заставацца тут”.

Актывіста моладзі БНФ Франака Вячорку адлічылі з трэцяга курсу журфаку БДУ. Ён таксама абраў для сябе завочную форму навучаньня.

“Нягледзячы на выключэньні, на рэпрэсіі, ціск, трэба быць тут. Адзіныя ўмовы адукацыі, якія могуць нам падыйсьці, гэта завочная адукацыя ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, у іншых замежных унівэрсытэтах. Але толькі застаўшыся тут, можна нешта зрабіць і зьмяніць тую рэчаіснасьць, якая вакол нас”.

Вызначыцца, хто ў якім унівэрсытэце будзе вучыцца, моладзевыя актывісты мусяць да канца жніўня.

Усяго ад 2006 году ў замежжы вучацца больш за паўтысячы апазыцыянэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG