Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Чаргінец: “На пярэдні плян выходзіць эканоміка”


У мінулую нядзелю ў Берасьці адбылася першая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Як камэнтуюць яе вынікі ў Менску і Маскве?

Старшыня міжнароднай камісіі Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец у інтэрвію “Свабодзе” сказаў: “Гэтая сустрэча паказала гатовасьць двух прэзыдэнтаў вырашаць пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва, зыходзячы з рэаліяў, дачыненьняў, як тых, якія ўжо склаліся, так і з рэаліяў сёньняшняга дня”.

На думку Мікалая Чаргінца, “сам характар сустрэчы дазваляе зрабіць высновы, што краіны будуць разьвіваць дачыненьні на аснове Дамовы аб саюзнай дзяржаве ад 8 сьнежня 1999 году. Але, мабыць, цяпер ня будуць вылучацца на пярэдні плян такія пытаньні, як тыя, што да нядаўняга часу гучалі. Гэта — Канстытуцыйны акт, адзіная валюта. Мабыць, лідэры вырашылі, што гэта прыйдзе само сабою. Але пасьля таго, як удасца вырашыць вельмі важныя пытаньні эканомікі. Прынамсі, гэта стварэньне адзінай мытнай прасторы, выхад на дакладна вызначаныя кошты тавараў для дзьвюх краінаў, падатковыя пытаньні...”

Палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш таксама канстатуе пераход ад палітычных лёзунгаў да эканамікі:

“На мой погляд, тут праблема палягае ў тым, што спроба ўцягнуць Беларусь у так званую Саюзную дзяржаву, найперш на палітычных падмурках, у Крамля пакуль што не атрымоўваецца. І таму Крэмль вырашыў дзейнічаць эканамічнымі, так бы мовіць, матэрыяльнымі сродкамі. Мы назіраем, як расейскі бізнэс усялякімі сродкамі намагаецца пранікнуць у нашу краіну і ўсталяваць кантроль над ключавымі аб’ектамі беларускай эканомікі.

А ўжо потым, з пазыцыі эканамічнага ціску можна будзе (так, падаецца, разважаюць у Крамлі) даціскаць Беларусь і Чырвоны дом у палітычных пытаньнях. Найперш у пытаньнях, якія тычацца ўсталяваньня палітычнага кантролю над беларускай дзяржавай”.

Выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыла Коктыш ня бачыць у падыходах Дзьмітрыя Мядзьведзева да беларускай праблематыкі нечага надзвычайнага:

“Я б сказаў так, што гэта лягічны працяг палітыкі Расеі, якая праводзілася апошнія 8 гадоў пры прэзыдэнце Ўладзіміру Пуціне. Бо ён заўжды казаў, што галоўнае — гэта эканамічны падмурак. І толькі пасьля можа быць палітычная інтэграцыя. Таму прэзыдэнт Мядзьведзеў пачаў разьвіваць гэтую стратэгічную лінію.

Да таго ж у Расеі зьявіліся новыя магчымасьці. Яна ўваходзіць у пэрыяд мадэрнізацыі ўласнай эканомікі. І ў пэрыяд вельмі сур’ёзнага дэфіцыту чалавечых рэсурсаў. Таму можна казаць пра дамоўленасьці, згодна зь якімі Расея адчыняе дзьверы для рабочай сілы зь Беларусі. І менавіта гэтыя пытаньні былі закрытыя паміж двума прэзыдэнтамі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG