Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За закрыцьцё “амэрыканскіх куткоў” адказвае “Бобруйский курьер”


Бабруйскі аддзел ідэалягічнай працы вінаваціць недзяржаўную газэту “Бобруйский курьер” у распаўсюдзе нібыта непраўдзівай інфармацыі.

Нагодай для прэтэнзіяў сталася публікацыя ў газэце, прысьвечаная закрыцьцю ў бабруйскай бібліятэцы імя Пушкіна “амэрыканскага кутка”. Ідэолягі сьцьвярджаюць, што бабруйскі гарвыканкам не атрымоўваў афіцыйных распараджэньняў на іхнае закрыцьцё з Магілёўскага аблвыканкаму.

Рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка прэтэнзіі ідэолягаў не прызнае. Матэрыял пра закрыцьцё “амэрыканскага кутка”, кажа ён, пісаўся на падставе афіцыйных дакумэнтаў.

“У нас ёсьць на руках ліст начальніка абласной управы культуры Магілёўскага аблвыканкаму на імя часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Джонатана Мура пра тое, што ў сувязі з пагаршэньнем беларуска-амэрыканскіх адносінаў ад 26 сакавіка гэтага году праца “амэрыканскіх куткоў” спыняецца”.

Акрамя таго, зазначае спадар Санаценка, закрыцьцё “амэрыканскага кутка” пацьвердзіла й дырэктарка бабруйскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сыстэмы Жана Бокая.

Прэтэнзіі ідэолягаў Анатоль Санаценка зьвязвае зь іх неадэкватнай рэакцыяй на крытыку.

“У мяне складаецца ўражаньне, асабліва апошнім часам, што мясцовыя ўлады крайне нэрвова рэагуюць на любыя згадкі пра іхныя нейкія дзеяньні. Аддзел ідэалягічнай працы Бабруйскага гарвыканкаму вінаваціць нас у парушэньні закону “Аб друку”, і пра гэтае парушэньне ўжо паведамілі ў Міністэрства інфармацыі”.

У “Бобруйском курьере” не выключаюць, што Міністэрства інфармацыі вынесе газэце папярэджаньне, хоць журналісты й накіравалі ў міністэрства ліст з тлумачэньнямі й сваім бачаньнем сытуацыі.

Ліст у рэдакцыю падпісаў намесьнік начальніка ідэалягічнага аддзелу Бабруйскага гарвыканкаму Юры Сябруковіч. Аднак патлумачыць “Свабодзе” свае дзеяньні ён адмовіўся:

“Вы ведаеце, я такую інфармацыю вам паведаміць не магу. Усё толькі з дазволу кіраўніцтва гарвыканкаму. І тады мы гаворым на гэтую тэму”.

Праграма “амэрыканскіх куткоў” — праект узаемнага супрацоўніцтва паміж урадам ЗША і публічнымі бібліятэкамі Беларусі, накіраваны на задавальненьне інфармацыйных, культурных і адукацыйных патрэбаў насельніцтва рэгіёнаў. Праз такі падыход меркавалася забясьпечыць грамадзянаў Беларусі інфармацыяй пра ЗША. У кутках зьбіраліся калекцыі кніг, відэа- і аўдыёкасэт, CD-ROM і DVD-дыскаў, матэрыялы для вывучэньня ангельскай мовы, разнастайныя публікацыі, быў выхад у інтэрнэт. На дадатак да інфармацыйнай працы там ладзіліся культурна-асьветніцкія імпрэзы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG