Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакутлівы выбар заўзятара: жодзінскае “Тарпэда” ці зборная Галяндыі?


Сёньня стане вядомы апошні чвэрцьфіналіст футбольнага чэмпіянату Эўропы-2008. Ён вызначыцца ў матчы зборных Швэцыі і Расеі. Якімі нечаканасьцямі і заканамернасьцямі ўжо адзначылася сёлетняе кантынэнтальнае першынство? На каго ставяць заўзятары і спэцыялісты?

Колішні галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоль Байдачны лічыць, што пакуль падзеі на футбольных арэнах Аўстрыі і Швайцарыі разьвіваюцца ў цэлым у “плянавым парадку”:

“У прынцыпе, пакуль усё разьвіваецца плянава. За выключэньнем хіба сустрэчы Турэччына-Чэхія: чэхі выпусьцілі гульню, у якой павінны былі перамагчы. Пакуль што далей ідуць каманды, на якія й разьлічвалі. Няўдалы пачатак у Францыі і Італіі. Але пасьля чэмпіянатаў сьвету звычайна так бывае: спад назіраецца ў вядучых камандаў. Бо аб’ектыўна надышоў час рабіць зьмену пакаленьняў, крыху стараватыя ўжо асноўныя гульцы. А так падабаецца, чэмпіянат досыць цікавы”.

Трансьляцыі эўрапейскага першынства сёлета ўпершыню набыў канал ОНТ. Заўзятары зьвярнулі ўвагу ня толькі на новыя прозьвішчы камэнтатараў, але й на манеру вядзеньня рэпартажаў. Многіх зьдзівіла ангажаванасьць паасобных вядоўцаў ды іх гасьцей, якія непрыхавана перажываюць за адну з камандаў на полі. Прыкладам, зборную Расеі называюць “нашай”, а гульцоў “сваімі”. Спартовы камэнтатар Першага нацыянальнага каналу Аляксандар Пуціла лічыць недапушчальным, калі камэнтатары адкрыта дэманструюць свае сымпатыі:

“Калі чалавек сядае ля мікрафона, ён ня мае права на прывілеі, перажываючы за канкрэтную зборную. Лічу гэта таксама вялікім мастацтвам – умець весьці рэпартаж. Нават калі ты прыхільнік таго ці іншага футболу – эўрапейскага, афрыканскага ці амэрыканскага – ты ўсё роўна павінен быць цікавы для ўсіх. Для гэтага трэба быць добра начытаным, мець высокі ўзровень інтэлігентнасьці. Ну і абавязкова спартовую базу, каб ведаць шмат інфармацыі ня толькі пра тую зборную, якую ў душы падтрымліваеш. Трэба быць больш сумленным, больш пісьменным, і тады атрымаецца цікавы рэпартаж. І ніхто ня будзе ў крыўдзе – ні прыхільнікі адной, ні прыхільнікі другой зборнай. У гэтым сэнсе ў нас у Беларусі ёсьць хібы: на жаль, вельмі часта залучаюць да рэпартажу зусім выпадковых людзей”.

Паралельна з чэмпіянатам Эўропы ў Беларусі праходзіць нацыянальнае футбольнае першынство. Прычым да апошніх дзён першыя матчы ў групах у гарадох Аўстрыі і Швайцарыі супадалі з сустрэчамі, да прыкладу, у Віцебску ды Смаргоні – не сакрэт, на карысьць чаго з улікам клясы гульні ўрэшце схіляліся заўзятары. Ці не разумней было б на гэты час адкарэктаваць графік унутранага чэмпіянату?

Цяперашні настаўнік менскага клюбу “МТЗ-РІПО” Юры Пунтус, які ў свой час таксама адстаяў на трэнэрскім мастку беларускай каманды, з такой пастаноўкай пытаньня ня згодзен. Пачынае з наведваньня:

“Вядома, калі мы гулялі са “Смаргоньню”, а Гішпанія гуляла з Расеяй, то так. Але гэта быў толькі эпізод. Адкарэктаваць нешта цяжка, калі ў групах кожны дзень ідуць гульні. Але ўвогуле ня бачу сэнсу спыняць першынство, калі мы там ня ўдзельнічаем і ўсе нашыя гульцы знаходзяцца ў камандах. Мы і так шмат аддаём увагі зборным, даём ім магчымасьць рыхтавацца – як быў двухтыднёвы перапынак у траўні. Мы і так завяршаем пры нашых кліматычных умовах ня ў самы лепшы час. А каб мы яшчэ месяц забралі ў сябе – дзеля таго, каб паглядзець чэмпіянат? І зноў жа – гэта глядач глядзіць. А футбалістам трэба трэнавацца. Атрымліваецца, пяць месяцаў прастою ў падрыхтоўчы сэзон і яшчэ месяц – у самы разгар? Калі б мы такое зрабілі, гэта было б няправільна і непрафэсійна”.

Ці магла б каманда Беларусі на роўных змагацца з супернікамі ў фінальнай частцы калі не ўсясьветнага, то прынамсі кантынэнтальнага першынства? Прынамсі, адна з гаспадыняў чэмпіянату, зборная Аўстрыі, у рэйтынгу FIFA ніжэйшая за беларусаў. Альбо рана нават прагназаваць такое ў тэорыі? Вось меркаваньне Анатоля Байдачнага:

“Беларусь удзельнічае ў гэтым першынстве, яна проста не трапляе ў фінальную частку. І тут няма такога крытэрыю – рана ці позна. Трэба проста рабіць свой чэмпіянат прыстойным, на высокім узроўні, укладаць у яго вялікія фінансы. Вось тады будзеш гуляць там. Калі ня будзеш гэтага рабіць, то ня будзеш на тым узроўні гуляць. Паглядзеце – усе краіны, якія там гуляюць, маюць добра разьвітую футбольную структуру. І якраз цяпер, калі ў нас ідзе яшчэ й нацыянальнае першынство, людзі могуць зрабіць адпаведнае параўнаньне гульні”.

У беларускіх букмэкерскіх канторах на фінішы групавога турніру чэмпіянату Эўропы-2008 у фаварыты вырваліся зборныя, якія на вяршыні нязначна падціскаюць адна адну. Гэта каманды Галяндыі, Партугаліі і Гішпаніі. Паказальна, што ніводная зь іх да пачатку чэмпіянату Эўропы ў лідэрах ня значылася – яшчэ два тыдні таму стаўкі рабіліся на Нямеччыну, Францыю і Італію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG