Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за два тыдні ў Магілёве судзіліся сацыял-дэмакраты


Сёньня Ленінскі суд Магілёва пакараў актывіста апазыцыі Сяргея Фаміна штрафам на сем базавых велічыняў — 245 тысяч рублёў. Судзьдзя Юлія Трапыніна прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве.

Падставай для суду стала скарга ў міліцыю актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімера Юрчанкі. Ён вінаваціў Фаміна ў спробе сарваць сход Кастрычніцкай суполкі Магілёва, на якім абіралі дэлегатаў на ўстаноўчую канфэрэнцыю рэгіянальнай арганізацыі БСДП “Грамада”.

6 чэрвеня Ўладзімер Юрчанка выклікаў міліцыю ў памяшканьне, дзе праходзіў партыйны сход. Сяргея Фаміна затрымалі. Міліцыянты матывавалі затрыманьне неабходнасьцю высьвятленьня асобы Фаміна і фактаў, выкладзеных у тлумачэньні Ўладзімера Юрчанкі. Пазьней Сяргею Фаміну інкрымінавалі дробнае хуліганства. Ноч з 6 на 7 чэрвеня Фамін правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Сёмага чэрвеня на першым судовым паседжаньні судзьдзя Юлія Трапыніна вызваліла Сяргея Фаміна з-пад варты.

У судзе Ўладзімер Юрчанка даводзіў: Сяргей Фамін выключаны з партыі й таму ня меў права зьяўляцца на сход суполкі, а пагатоў нечага патрабаваць. Дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі ягоныя словы, ён суду не падаў. У судзе спадар Юрчанка сказаў, што выклікаць міліцыю яму параілі зь Менску. Хто канкрэтна — не ўдакладніў.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч устрымліваецца ад камэнтароў наконт судовага працэсу ў Магілёве, аднак зазначае:

“Калі ў Фаміна ёсьць нейкае партыйнае пасьведчаньне, дык у мяне іх тры. Партыя існуе сямнаццаць гадоў. Яны ж мяняліся. Партыйнае пасьведчаньне само па сабе нічога ня кажа. Фаміна ў партыю ніхто не прымаў. Я задаю пытаньне: чаго беспартыйныя людзі ідуць на партыйны сход? А што там адбывалася — я ж там ня быў, не прысутнічаў”.

Сяргей Фамін у судзе сваёй віны не прызнаў. Суду ён даводзіў, што зьяўляецца сябрам партыі ад 1998 году й на дадзены момант няма адмысловай пастановы прэзыдыюму партыі аб ягоным выключэньні.

На паседжаньні, казаў Сяргей Фамін, ён патрабаваў толькі, каб сябры партыі пацьвердзілі сваю прыналежнасьць да яе.

“На сёньняшні дзень спрабуюць пазбавіцца ад старшыні партыі Казуліна. Ім тут трэба пазбавіцца ад казулінцаў, ад проста прынцыповых людзей. Таму вось такая распальваецца сытуацыя. Прыводзяцца новыя людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да партыі, ды іхнымі рукамі спрабуюць зрабіць пераварот у партыі”, — гэтак Сяргей Фамін тлумачыць матывы, якімі кіраваўся Ўладзімер Юрчанка, калі выклікаў міліцыю.

Судовае паседжаньне доўжылася ад сёмага чэрвеня. Судзьдзя Юлія Трапыніна дапытала, акрамя Сяргея Фаміна, у якасьці сьведак восем удзельнікаў партыйнага сходу суполкі і двух міліцыянтаў, якія затрымлівалі Фаміна. Тлумачэньні міліцыянтаў і скаржніка леглі ў аснову прысуду Сяргею Фаміну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG