Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму звольнілі Юрыя Азаронка?


Сёньня з намесьніка старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі звольнены Юрый Азаронак. На гэтай пасадзе ён ад 2005 году, да таго часу працаваў кіраўніком прэсавай службы Генэральнай пракуратуры. Пакуль няма афіцыйнага тлумачэньня адносна рашэньня, прынятага ў прэзыдэнцкай адміністрацыі.

У прэсавай службе Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі паведамілі, што кадравыя ракіроўкі такога кшталту сыходзяць з Адміністрацыі прэзыдэнта. Таму параілі пачакаць зьвестак пра звальненьне Юрыя Азаронка з афіцыйных крыніцаў:

“Любыя кадравыя зьмены і перасоўваньні на ўзроўні кіраўніка ці яго намесьнікаў прымае зусім іншая структура. Гэта сыходзіць не ад нас, мы пра гэта даведваемся гэтак жа, як і астатнія СМІ – з афіцыйнага паведамленьня на БелТА”.

З тэлебачаньнем Юрый Азаронак зьвязаны з сярэдзіны 1990-х. Неўзабаве пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў ён дэбютаваў на Беларускім тэлебачаньні са стужкай “Нянавісьць. Дзеці ілжы”, скіраванай супраць Беларускага Народнага фронту. Былі і іншыя прапагандысцкія фільмы -- «Закуліса» (1996 год), «Таемныя спружыны палітыкі» (2001 год).

У 2005-м, напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў на загад Аляксандра Лукашэнкі Азаронак прызначаны намесьнікам старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Хутка на экранах зьяўляецца фільм «Кансьпіралёгія». За яго аўтар атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэньне». Іншая стужка «Духоўная вайна» у 2006-м была адзначана спэцыяльным прызам Парлямэнцкага сходу Расеі і Беларусі.

Чаму з БТ звольнены рэжысэр, за якім трывала замацаваўся вобраз аднаго з галоўных прапагандыстаў? Рэжысэр Леанід Міндлін, які працяглы час адпрацаваў у студыі “Палітыка” на Беларускім тэлебачаньні, мяркуе:

“Гэта так званая прапаганда ў лоб, як кажуць, дубінкай па галаве. Больш за тое, гэтая прапаганда ня вельмі прафэсійная, хоць ён па адукацыі рэжысэр-дакумэнталіст і калісьці нават лічыўся чалавекам, які падае спадзяваньні на будучыню. Ня ведаю, што там было ад пачатку, калі ён навучаўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, але тыя, хто быў на ягоным курсе, тая самая Галіна Адамовіч, сталі прафэсійнымі, таленавітымі рэжысэрамі, у якіх ёсьць сваё слова, свой стыль. А што зрабіў Азаронак? Тое, што мы бачылі па тэлебачаньні – вось гэта і ёсьць яго кіно. Але ж гэта не кіно, а прапаганда вельмі прымітыўнага кшталту. Што ён рабіў потым, адказвае на ўсе сёньняшнія пытаньні: ніякага там няма таленту, ніякага няма майстэрства. Што тычыцца яго як тэлевізійнага начальніка, то я там ужо доўга не працую. Але мне здаецца, нічога ён не зрабіў. Пару праграмаў пад назвай “Мужыкі” я паглядзеў. Сказаць, што гэта слаба – нічога не сказаць. Чыста прафэсійна -- гэта нішто”.

Кажучы пра Азаронка, часта ўзгадваюць пра палітыка Міколу Статкевіча -- пасьля выхаду фільму “Нянавісьць. Дзеці ілжы” Статкевіч ударыў аўтара па твары. Рэха той падзеі, на думку Статкевіча, будзе перасьледаваць Азаронка ўсё жыцьцё:

“Шкада чалавека, бо яго прозьвішча мабыць застанецца вядомае ня тым, што ён быў рэжысэрам, журналістам, яшчэ кімсьці, а што ён быў у гэтым скандале і атрымаў на твары”.

Карэспандэнт: “То бок, вы яго ў пэўным сэнсе і “раскруцілі”?

“Такой раскруткі нікому не пажадаю. Таму што ўсё жыцьцё ў чалавека праходзіць пад ценем таго здарэньня. І калі кажуць пра Азаронка, то людзі дасьведчаныя ўзгадваюць: а, гэта той самы, які зьняў фільм і атрымаў за гэта па твары? Што б ён не зрабіў зараз, які б выбітны фільм не зьняў (а кажуць, што ён нібыта нядрэнны рэжысэр), якіх посьпехаў ён не дасягнуў бы, ён застанецца ў гісторыі краіны менавіта такім. Магчыма, што пакараньне было неадэкватным учынку, але ён сам зрабіў яго такім”.

Апошнім часам Азаронак прызначаўся на чале беларускіх дэлегацый на сьпеўны конкурс “Эўрабачаньне”. У 2006 годзе ў Хэльсынкі здарыўся інцыдэнт з рукапрыкладзтвам паміж Юрыем Азаронкам і Філіпам Кіркоравым -- прадусарам беларускага ўдзельніка Дзьмітрыя Калдуна. У кулюарнай спрэчцы, як і ў выпадку са Статкевічам, Азаронак атрымаў ад расейскага артыста па твары. Тады гэта назвалі “працоўным момантам”, але схаваць бойку ад увагі журналістаў не ўдалося.

Самым гучным адхіленьнем ад пасады ў сьценах Беларускага тэлебачаньня пакуль лічыцца арышт былога кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова. За нямэтавае выкарыстаньне бюджэтных сродкаў у 2005 годзе Рыбакоў асуджаны да 11 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG