Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чорныя археолягі камэрцыялізавалі даўніну


Праблема рэстытуцыі – вяртаньня страчаных культурных каштоўнасьцяў – набывае новыя абрысы. Пакуль на высокім узроўні чуюцца абяцаньні шукаць беларускія скарбы і на захадзе, і на ўсходзе, у прыватным парадку зь Беларусі вывозяцца ня меншыя каштоўнасьці. Перадусім гэта тычыцца “чорных археолягаў”, маштабы дзейнасьці якіх выключна пашыраюцца, а іх тэхнічнай забясьпечанасьці зайздросьцяць нават прафэсіяналы.

Усё больш нэгатыўны ўнёсак у страту нацыянальных каштоўнасьцяў робяць так званыя “чорныя археолягі”, якія руйнуюць старажытныя курганы, вядуць раскопы без дазволу і ў забароненых для гэтага месцах. Паводле беларускага заканадаўства, усе скарбы, знойдзеныя ў беларускай зямлі, фармальна належаць дзяржаве.

Адзін з дасьведчаных беларускіх археолягаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Эдвард Зайкоўскі кажа, што за апошні час праблема “чорнай археалёгіі” набыла беспрэцэдэнтныя маштабы:
Накуплялі мэталашукальнікаў і вышукваюць самае эфэктнае...


“Яна ўзьнікла менавіта ў апошнія гады. Я ў археалёгіі стала ўжо 30 гадоў, і раней такой праблемы не чуваць было. А вось ува ўсёй вастрыні паўстала. Сам сёлета сутыкнуўся з гэтай праблемай: у двух выпадках на мяне выйшлі наконт знаходак чорных археолягаў. Адно месца – Мядзельшчына, другое – Івацэвіцкі раён. Накуплялі сабе мэталашукальнікаў, якіх у археолягаў амаль няма, і вышукваюць што самае эфэктнае”.

Карэспандэнт: “Якія знаходкі маюць найбольшую каштоўнасьць?”

“У Івацэвіцкім раёне знойдзена ажно 9 пальчастых фібул – знаходкі VI – VII стагодзьдзяў, лічацца славянскімі. Гэта больш, чым па ўсёй Беларусі, разам узятай. Дагэтуль у Беларусі іх у трох мясьцінах знаходзілі, і тое дзевяці не набярэцца”.

Карэспандэнт: “Ці рэальна такую каштоўнасьць вывезьці за мяжу?”

“Той чалавек, які кантактаваў з чорным археолягам, паведаміў мне адрас форуму ў інтэрнэце. І там сапраўды, хто знайшоў, ня ведаючы сапраўднай каштоўнасьці рэчы, прапаноўваў нейкаму расейскаму калекцыянэру ўсё гэта набыць за чатыры зь нечым тысячы даляраў. І склалася ўражаньне зь іхнага абмеркаваньня, што расеец, мусіць, і набыў гэта. Думаю, што трохі сыходзіць і празь іншыя межы, але празь іншыя цяжэй – там могуць элемэнтарна ператрэсьці. А праз расейскую нашмат прасьцей”.

Колішні кіраўнік аддзелу археалёгіі сярэднявечча Інстытуту гісторыі Сяргей Тарасаў удакладняе: Беларусь выступае своеасаблівым пошукавым пляцдармам найперш для тых, хто тут шукае археалягічныя рарытэты і вывозіць іх за мяжу. Дый сярод чорных капальнікаў усё болей менавіта іншаземцаў, якія, адрозна ад мясцовых, ведаюць сапраўдны камэрцыйны кошт адкапаных скарбаў:
Ніводнай курганнай групы, не парушанай чорнымі археолягамі, няма...


“На нашай тэрыторыі працуе шмат чорных археолягаў ня толькі мясцовага “разьліву”, але й замежнага, часьцей за ўсё з Расеі. Перадусім таму, што там зусім іншыя цэны, чым у нас. У чым гэта назіраецца? Разрытыя курганы, асабліва тыя, што ў лясах. Фактычна ў ваколіцах Менску і іншых гарадоў ніводнай курганнай групы, не парушанай чорнымі археолягамі, няма. А ў апошні час яны ўжо пачалі займацца адкрытымі паселішчамі, гарадзішчамі. Набываюць багатую тэхніку і ходзяць па адкрытых паселішчах. Якасны мэталашукальнік каштуе ад тысячы да трох тысяч даляраў. У прафэсійных археолягаў, самі разумееце, такой тэхнікі няма. Бо грошай на яе няма. А яны літаральна выбіраюць маленькімі “закапушкамі” мэталічныя рэчы, асабліва каляровыя мэталы. Я ня думаю, што там ёсьць золата, срэбра, бо ў нас яго ўвогуле небагата, але вырабы зь медзі, з бронзы досыць частыя”.

Чым прываблівае Беларусь чорных археолягаў? Магчыма, тым, што беларускія курганы яшчэ ня так татальна “пераараныя”, як у той жа Расеі. Да таго ж, як кажа археоляг Сяргей Тарасаў, у Беларусі яшчэ толькі фармуецца другасны рынак такіх рарытэтаў, што дае падставу да сумных прагнозаў – маштаб праблемы будзе выключна пашырацца:

“У нас яшчэ не сфармаваўся рынак вось гэтых рарытэтных рэчаў. Вось у чым прычына. У Беларусі іх збыць няма дзе, гэта літаральна нейкія аматары, якія адзін аднаго ведаюць, паміж сабою. Але іншая рэч, што ў нас ужо можна ў інтэрнэт-крамах часам пабачыць такія рэчы: там, дзе прадаецца розны антыкварыят, таксама можна знайсьці й археалягічныя матэрыялы. Таму й едуць сюды, каб потым вывозіць. Бо сюды везьці і тут прадаваць няма для іх ніякага сэнсу. Хоць, відаць, дапамагаюць і мясцовыя. Па пераказах некаторых знаёмых ведаю, што такія ёсьць. Ну і па тым, што бачыў – у курганах, на паселішчах і гарадзішчах”.

Афіцыйныя раскопы на месцы гістарычных стаянак чалавека на цяперашняй тэрыторыі Беларусі праводзяцца ня часта – на маштабныя дасьледаваньні ў дзяржаўных структурах традыцыйна не хапае сродкаў. У чорных археолягаў грошы на пошукі ёсьць заўсёды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG