Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Зэльцэр: “Майго брата павольна забіваюць”


Па-ранейшаму ў турме КДБ знаходзіцца грамадзянін ЗША, адвакат Эмануіл Зэльцэр, абвінавачаны ў падробцы дакумэнтаў.

Брат арыштаванага Марк Зэльцэр мяркуе, што за кратамі ягонаму брату адмыслова не даюць патрэбных лекаў.

Болей за тры месяцы таму, 12 сакавіка ў менскім аэрапорце быў затрыманы адвакат з ЗША Эмануіл Зэльцэр, які прыляцеў у Беларусь на прыватным самалёце былога расейскага алігарха Барыса Беразоўскага. Эмануіла Зэльцэра зьмясьцілі ў турму КДБ (“амэрыканку”) і выставілі супраць яго абвінавачаньне ў падробцы дакумэнтаў. Пазьней на сустрэчы з супрацоўніцай амбасады ЗША ў Беларусі Кэралайн Сэвідж Эмануіл Зэльцэр распавёў, што ў першыя дні пасьля арышту яго нібыта зьбівалі.

Брат арыштаванага адваката Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, не выключае, што ў ягонага брата “выбівалі прызнаньні”. Другім сродкам узьдзеяньня, паводле Марка Зэльцэра, стала тое, што “брату не даюць лекаў, якія ён прывёз з Амэрыкі і безь якіх ня можа. Гэтым яго павольна забіваюць”, — мяркуе Марк Зэльцэр:

“Ягонае здароўе цяпер катастрафічнае. Яго павольна забіваюць. А чым можна лічыць тое, што не даюць лекі? Не даюць лекі, якія ён прымае 15—20 гадоў. У якой яшчэ краіне такое магчыма?”

Паводле Марка Зэльцэра, ужо тры дактары з ЗША накіравалі ў КДБ Беларусі лісты, у якіх пацьвярджаюць, што выпісвалі Эмануілу Зэльцэру лекі, якія сьледчыя ў яго адабралі як доказ кантрабанды наркотыкаў. Дактары зазначаюць, што бяз гэтых лекаў “у арганізьме іх кліента пачнуцца незваротныя працэсы”.

Марк Зэльцэр мяркуе, што гэта ўжо адбылося. Ён спасылаецца на супрацоўніцу амбасады ЗША, якая ў канцы траўня наведвала Эмануіла Зэльцэра ў турме:

“Яна кажа, што ён хадзіць ня можа, размаўляць амаль ня можа. Яму даюць нейкія харчы, пасьля якіх, як ён кажа, у яго баліць сьпіна. Мяркую, у харчах нешта ёсьць. Таму ў мяне ўражаньне, што яны проста чакаюць, пакуль ён памрэ”.

У прэсавай службе КДБ Беларусі кажуць: навінаў у справе Эмануіла Зэльцэра няма. Нагадаю, болей за тыдзень таму кіраўнік службы Валер Надтачаеў паведаміў, што справу амэрыканскага адваката неўзабаве завершаць і перададуць у суд. “Калі гэта адбудзецца, паведамім”, — казаў супрацоўнік КДБ. Паведамленьня дагэтуль няма.

Таксама невядома, ці выставілі ўжо Эмануілу Зэльцэру абвінавачаньне ў правозе наркатычных рэчываў, пра што было заяўлена на пачатку чэрвеня.

Сёньня Эмануіла Зэльцэра ў турме КДБ наведаў адвакат Зьміцер Гарачка. Камэнтаваць зьвесткі пра нібыта фальшывыя дакумэнты адвакат адмовіўся, бо “справа засакрэчана”. Адвакат мяркуе, што калі справа ягонага кліента дойдзе да суду, то “абодва абвінавачаньні будуць аб’яднаныя ў адну справу”. Пры гэтым Зьміцер Гарачка лічыць неабгрунтаванымі прэтэнзіі да ягонага кліента ў сувязі з наркотыкамі. Вось што сказаў Зьміцер Гарачка пра стан здароўя свайго кліента:
Скардзіцца на здароўе, на адсутнасьць лекаў, на болі ў сьпіне. Кажа, што цяжка глытаць, боль аддае ў сьпіну. Гэта зьвязана з абвастрэньнем хваробаў. Ходзіць ледзь-ледзь і стараецца трымацца за сьцяну.


“Выглядае цяжка, скардзіцца на здароўе, на адсутнасьць лекаў, на болі ў сьпіне. Кажа, што цяжка глытаць, боль аддае ў сьпіну. Гэта зьвязана з абвастрэньнем хваробаў. Ходзіць ледзь-ледзь і стараецца трымацца за сьцяну, сапраўды”.

Брат арыштаванага Марк Зэльцэр мяркуе, што сьледчыя КДБ нібыта “ўзгадняюць свае дзеяньні з Барысам Беразоўскім” падчас сваіх паездак у Лёндан. Тое, што такія сустрэчы адбываліся, былы расейскі алігарх прызнаў у інтэрвію газэце “Камэрсант”.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў адвакатам у Бадры Патаркацышвілі, грузінскага алігарха, які заўчасна памёр у Лёндане. Паводле адной з вэрсій, Э.Зэльцэр стаў ахвярай барацьбы за ягоную спадчыну, якую вядуць сям’я нябожчыка, ягоны зводны брат Джозэф Кей і Барыс Беразоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG