Мясцовыя актывісты добраўпарадкавалі магілу патрыёта, былога вязьня калымскіх лягераў, пакаранага паводле тагачасных законаў СССР “за антысавецкія выказваньні ды іншыя правіны перад савецкай уладай”.
Гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы распавёў, што ўраджэнец Шаркоўшчынскага раёну Леанід Казак у свой час быў пераможцам легкаатлетычных спаборніцтваў, і толькі моцнае здароўе і фізычная загартоўка дазволілі яму вынесьці цяжкасьці турэмнага зьняволеньня і гады катаргі на Калыме. Пасля рэабілітацыі ён вярнуўся на Бацькаўшчыну, але пасяліўся ня ў родных Лужках на Шаркоўшчыне, а ў Гарадку.
Любоў да Беларусі спадар Казак пранёс праз усё сваё жыццё. Сустракаўся са сваімі былымі сябрамі, удзельнічаў у працы Ўсебеларускага сходу “За Беларусь” у 2001 годзе.
Мясцовыя дэмакратычныя актывісты адрамантавалі ступенькі да агароджы і прыбралі вакол магілы Леаніда Казака. Зараз кожны можа прыйсці сюды і аддаць даніну памяці беларускаму патрыёту.