Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрошчанкава арыштавалі за абразу судзьдзі


Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў актывіста дэмакратычнага руху Аляксандра Атрошчанкава на 15 сутак за абразу судзьдзі Алены Ільіной.

Нагадаем: 23 красавіка, калі судзьдзя Ільіна зачытвала прысуд у крымінальнай справе, якую назвалі “справай 14-ці”, нехта з судовай залі яе абразіў.

Судзьдзя загадала спэцназаўцам затрымаць Аляксандра Атрошчанкава. На яго ў кабінэце суду быў складзены адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 24.1 (абраза асобы ў публічным месцы).

Сёньня Аляксандра Атрошчанкава выклікалі ў КДБ, каб ён даў тлумачэньні наконт скаргі на супрацоўнікаў гэтай установы, якія летась забралі ў яго з кватэры кампутар і аргтэхніку.

Жонка Аляксандра Дар’я абураная дзеяньнямі ўладаў:

“Вельмі абураная. Мы тэлефанавалі ад 11 гадзіны ў міліцыю, на Акрэсьціна, у КДБ... Тое, што ў КДБ да паловы на 4-ю не маглі знайсьці майго мужа, вельмі дзіўна. Паўтары гадзіны мы прачакалі з адвакаткай Страмкоўскай у КДБ, пакуль да нас выйдзе падпалкоўнік. Я думаю, што ўсё было зроблена для таго, каб Аляксандра асудзіць бязь сьведкаў, каб нікога не было на судзе”.

Дар’я Атрошчанкава заявіла, што падрыхтавала скаргу ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і КДБ.

Аляксандар Атрошчанкаў выйдзе на волю 27 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG