Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі маніторынг выбараў


Беларускія праваабаронцы заявілі аб пачатку доўгатэрміновага маніторынгу выбараў у Палату прадстаўнікоў.


Маніторынг будуць праводзіць сябры Беларускага Хэльсынскага камітэту і асобныя праваабаронцы. Яны арганізуюць назіраньне ў ста акругах са 110. На кожную зь іх плянуецца выставіць трох назіральнікаў. Паводле вынікаў кожнага з этапаў будзе рыхтавацца справаздача. Старшыня БХК Алег Гулак заявіў, што праваабаронцы зьбіраюцца прааналізаваць дынаміку: як Беларусь праводзіць гэтыя выбары параўнальна зь мінулымі. Маніторынг перадвыбарчай сытуацыі ўжо пачаўся.
Непакоіць фон, які мы бачым, той сэрыял “Сетка”


“Нас непакоіць той фон, які мы бачым, той сэрыял “Сетка”. Там відавочна ў нэгатыўным выглядзе падаецца маніторынгавая праца назіральнікаў. Гэта сьведчыць пра тое, што людзі, якія рабілі гэты сэрыял і якія яго выпускалі ў тэлеэфір, проста не разумеюць элемэнтарных рэчаў, паводле якіх жыве сучаснае грамадзтва. І не разумеюць, што такое выбары. Выбары без удзелу грамадзкасьці, без грамадзкага кантролю - гэта зьдзек з выбараў. Таму спадзяюся, што кіно застанецца кіно, а жыцьцё ўсё ж будзе разьвівацца па законах, па тых працэдурах, якія прапісаны і ў нашым выбарчым кодэксе, і ў іншых заканадаўчых актах, канстытуцыі найперш, і ў міжнародных пагадненьнях, якія наша краіна падпісала”, - зазначыў спадар Гулак.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі адносна паводзінаў уладаў дадаў:

“Пакуль што рэакцыя дастаткова нэрвовая. І нават калі ў гэтых фільмах нават такія арганізацыі, як “Міжнародная амністыя”, запісваюцца ў варожыя арганізацыі, то як яны будуць рэагаваць на наша назіраньне, мы пабачым. Але адзінае - хацелася б супакоіць і адных таварышаў, і другіх таварышаў, што нічога супрацьпраўнага мы арганізоўваць не зьбіраемся. І мы будзем працаваць роўна, строга ў межах беларускага заканадаўства”.

На пытаньне карэспандэнта “Свабоды” пра цяперашнюю сытуацыю параўнальна з той, якая склалася перад мінулымі выбарамі, Алег Гулак сказаў, што гэтае пытаньне абмяркоўвалася днямі, у прыватнасьці, на сустрэчы з ацэначнай місіяй Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека:
Цэнтравыбаркам ня хоча ісьці на адкрыты, шчыры дыялёг зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй

“Калі параўноўваць з 2006 годам, то ў той час сытуацыя мела сталую тэндэнцыю да пагаршэньня. І менавіта ў 2006 годзе пачаліся кампаніі па прэвэнтыўным затрыманьні. На сёньняшні дзень мы кажам, што так, менавіта сёньня сытуацыя вельмі складаная. Але перад гэтым мы бачылі этапы пацяпленьня, палітвязьняў выпускалі. Мы бачым ужо нейкую сынусоіду. Таму гэта дае спадзяваньне, што мы можам пабачыць пацяпленьне і падчас выбараў. Мы адкрытыя бачыць любую інфармацыю. І пацяпленьне хацелася б бачыць. Пабачым пахаладаньне -- ну што ж, будзем фіксаваць пахаладаньне”.

Алесь Бяляцкі заявіў, што ўжо можна казаць пра трывожныя сыгналы:

“Цэнтравыбаркам ня хоча ісьці на адкрыты, шчыры дыялёг зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй. Прапановы аб'яднаных дэмсілаў былі адназначна адкінутыя, яны ня выклікалі нейкай спрэчкі, дыскусіі. Ніхто ня кажа, што іх трэба было прымаць у стопрацэнтным аб'ёме, як яны падаваліся, але прынамсі была тэма для размовы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG