Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падобна, што апазыцыя “праляціць” на выбарах”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 11 чэрвеня, сераду.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Восеньню ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Выказваньне на гэтую тэму:
Яны далдоняць, што Лукашэнка дрэнны, а яны ледзь не анёлы

Віктар Буто: “Падобна да таго, што апазыцыя зноў праляціць на парлямэнцкіх выбарах, бо ня ўмее размаўляць ня толькі са сваім народам, але і з уладамі Расеі. Яны пастаянна далдоняць, што толькі Лукашэнка дрэнны, а яны ледзь не анёлы. І пра многае іншае, што незразумела для народа. І таксама пужаюць расейскія ўлады. Пра гэта замоўчваецца нават на беларускім Радыё Свабода. Дзякуй”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Прадстаўнікі АДС могуць размаўляць зь людзьмі. У газэце “Народная Воля” мы надрукавалі нашае пасланьне, альтэрнатыўнае выступу Лукашэнкі, і яго чыталі разам каля 30 чалавек, працоўных МАЗу. І ўсе ўсё зразумелі, бо пасьля гэтага ў нас зь імі распачалося сталае супрацоўніцтва. Што тычыцца Расеі, то ў нас паважлівае стаўленьне да яе як да краіны. Але мы ня можам падзяліць яе афіцыйную палітыку, скіраваную на тое, каб штогод даваць не Беларусі, а Лукашэнку 7—8 мільярдаў даляраў, якія ідуць няведама куды. А таксама спробы выконваць функцыі адваката ў міжнародных арганізацыях”.

У Злучаных Штатах Амэрыкі працягваецца перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія. Камэнтар слухача:

Спадар: “Ад Адама ды Евы пайшоў чалавек. Белы ці чорны — усё роўна. Галоўнае, каб ён чалавек быў шаноўны. А я, ведаючы, дзіўлюся часам. Відаць, Барак Абама будзе першым чарнаскурым у Штатах прэзыдэнтам”.

Наступнае меркаваньне пра беларускае войска і НАТО:
Мне 20 год/ Ёсьць неблагі шанец перажыць уладу Лукашэнкі

Спадар: “У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода актывіст “Народнага фронту” Франак Вячорка, разважаючы пра беларускую армію, казаў, што яна і такая, і сякая, і дагэтуль там ходзяць у кірзавых ботах. І ён сказаў: “Калі мы прыйдзем да ўлады, Беларусь уступіць у НАТО і будзе з радасьцю служыць у арміі”. Дарагі Франак, калі вы прыйдзеце да ўлады, я думаю, вы можаце ўжо стаць глыбокім старым. Таму я хачу даць вам дзейную параду: вы можаце зараз эміграваць, як ваш ідэйны лідэр Зянон Пазьняк, дабравольна пайсьці ў натаўскую армію, а потым вы дабравольна можаце трапіць служыць у Аўганістан ці ў Ірак, шукаючы такой жа свабоды, як для Беларусі. Посьпехаў вам! Дзякуй”.

Выказваньне камэнтуе Франак Вячорка:

“Мне 20 год, і ў мяне ёсьць неблагі шанец перажыць уладу Лукашэнкі. Таму за маю старасьць не хвалюйцеся. Што тычыцца НАТО, то я меў на ўвазе не прымусовы прызыў у войска 18—19-гадовых юнакоў зь вёскі. А меў на ўвазе нашае войска, складзенае з моцных юнакоў, якія насамрэч здолеюць абараніць межы Рэспублікі Беларусь. І НАТО не зьяўляецца прымусовай службай дзеля ўдзелу ў кампаніях у Іране і Аўганістане. Гэта добраахвотны выбар кожнай краіны-ўдзельніцы Паўночнаатлянтычнага альянсу”.

Працягваем праграму выказваньнем на тэму рэфармаваньня беларускай школы:

Спадар, Менск: “Выказваю меркаваньне, паважаная “Свабода”. Генэрал-губэрнатар Мураўёў быў заўзяты праваднік расейскай нацыянальнай палітыкі ў Беларусі. Пасьля падаўленьня паўстаньня Кастуся Каліноўскага заявіў: “Што ня змог зрабіць рускі штых, даробіць руская школа”, што цяпер і адбываецца з закрыцьцём беларускіх школаў, клясаў, а таксама распродажам Расеі нашага багацьця. Прашу вас паведамляць насельніцтву Беларусі, што ўжо прададзена Расеі і што рыхтуецца да продажу гэтым нашым марыянэтачным рэжымам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG