Павал Наздра паведаміў “Свабодзе”, што ад 1997 году ня меў ніякіх стасункаў з ваенкаматам. Яго ніколі раней не забіралі на зборы.
“Я выйшаў з хаты, да мяне падышоў мужчына і паведаміў, што ён з ваенкамату. Ён уручыў мне пад подпіс позву, каб я заўтра а 9 раніцы быў у ваенкамаце. Паведаміў, што мяне забіраюць на 17 дзён на вайсковыя зборы. Казаў, што я буду служыць тут у Мазыры ў вайсковай частцы”.
Павал Наздра прыгадаў, што раней міліцыянты неаднаразова пільнавалі яго каля пад’езду дома напярэдадні буйных вулічных акцый апазыцыі, каб актывіст ня мог патрапіць у сталіцу. Некалькі разоў яго затрымлівалі і нават здымалі з цягніка. Павал мяркуе, што 17 сутак, якія ён правядзе на вайсковых зборах, будуць своеасаблівай ізаляцыяй кшталту адбыцьця адміністрацыйнага арышту.
Я мяркую, што ўсё гэта зьвязана з выбарамі, таму што хутка распачнецца кампанія па выбарах
Павінны афіцыйна абвесьціць 24-га ці 25-га пачатак выбарчай кампаніі і ад гэтага моманту пачынаецца збор подпісаў. Як раз на гэты тэрмін гэта й прыпадае, каб сарваць некаторыя мерапрыемствы”.
Яшчэ адзін мазырскі актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Мікола Жукоўскі таксама сёньня ўвечары атрымаў позву ў ваенкамат. Мікола вучыцца завочна і цяпер здае сэсію. Але, нягледзячы на гэта, ён мусіць заўтра раніцай наведаць ваенкамат, дзе яго чакаюць, каб накіраваць на вайсковыя зборы.