Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Шэраг актывістаў моладзевых незарэгістраваных арганізацый у Беларусі выклікаюць у ваенкаматы і пагражаюць забраць у войска. Палітыкі лічаць, што такім чынам улады імкнуцца задзейнічаць усе сілавыя структуры ў рэпрэсіях супраць дэмакратычнай моладзі. Выказваньні на гэтую тэму:
Спадар Зіноўеў: “Калі студэнт не ляяльны, як ветры з койданаўскіх гор, трубяць ваенкаматы збор. Ганьба!”
Спадарыня: “Таму беларускую моладзь мэтадычна і нэўтралізуюць, што ёсьць у сумна вядомых органаў, напэўна, плян мерапрыемстваў, каб не пускаць Беларусь у вольнае ад Расеі плаваньне. І выконваюць яны плян актыўна, бо бачаць сабе выгоды ад будучай службы ў аб’яднанай краіне”.
Падчас нарады ў кіраўніка краіны прынята рашэньне пра пераход да 11-гадовай сярэдняй адукацыі. Скарачэньне навучаньня ў школе на адзін год цягне за сабой скасаваньне ці скарачэньне выкладаньня асобных прадметаў, у тым ліку гісторыі Беларусі, зьмяншэньне колькасьці настаўнікаў і іншыя зьмены. Выказваньне слухача:
Лукашэнка добра робіць. І 11 клясаў — гэта шмат. 10 — нармальна
Выказваньне камэнтуе гісторык, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:
“Я таксама, як гэты чалавек, заканчваў 10 клясаў школы. Мая маці — 8 клясаў, бабуля — 7, а прабабуля — толькі царкоўна-прыхадзкую школу, 3 клясы. Давайце ўвядзём ЦПШ — і ўсё будзе добра.
А наконт гісторыі — брэша ён, была гісторыя БССР Абэцэдарскага ў савецкіх школах — значыць, ён проста двоечнік. Іншая рэч, што там было напісана, але была такая гісторыя. Ну што з такім чалавекам гаварыць?”
Сёлета ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. На тэму выбараў, а таксама ўдзелу ў іх актывістаў апазыцыйнага палітычнага дэмакратычнага руху — наступныя тэлефанаваньні:
Спадар: “Восеньню выбары народных служак у парлямэнт. Безумоўна, служак для нас. Тады, беларус, не ўпусьці свой шанец, думай. Выбірай, хто табе патрэбны. Хопіць нам ляжаць, на каленях стаяць! Амаль на кожным з нас вырас балотны мох. На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ, грамадою. У беларусаў лепшы лёс, — сказаў наш Якуб Колас”.
пасьля зьяўленьня ва ўладзе Лукашэнкі пачала сваё шэсьце па краіне так званая грамадзянская абарона.
Спадар: “Паважанае Радыё Свабода, на Беларусі пасьля зьяўленьня ва ўладзе Лукашэнкі пачала сваё шэсьце па краіне так званая грамадзянская абарона. У сучасных умовах, калі будуць нейкія, ня дай Божа, войны, гэтая абарона дапаможа насельніцтву як мёртваму прыпаркі. Цяпер на кожным прадпрыемстве і ў шэрагу іншых дзяржаўных устаноў ёсьць штат працаўнікоў з даволі добрымі заробкамі для былых вайскоўцаў, якія і так атрымліваюць даволі вялікія пэнсіі ў параўнаньні зь іншымі катэгорыямі пэнсіянэраў. Прэзыдэнт гэткім чынам аддзячвае вайсковым і міліцэйскім пэнсіянэрам за іх халуйскую падтрымку свайго рэжыму і, вядома ж, на грошы простага народу”.