Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДС хочуць кантраляваць выбары праз адзіны сьпіс


Сёньня Палітычная рада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў зацьвердзіла адзіны сьпіс сваіх кандыдатаў у сябры акруговых выбарчых камісіяў. У сьпісе 110 асобаў. Гэта роўна столькі, колькі дэпутацкіх месцаў у Палаце прадстаўнікоў і колькі будзе акруговых камісіяў.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка расказаў “Свабодзе” пра тое, як адбіралі прэтэндэнтаў:

“Гэта людзі, якія мелі досьвед дзяржаўнай працы ці дэпутацкай дзейнасьці. Другі крытэр – базавая, напрыклад, юрыдычная адукацыя. І трэці – праца міжнародным назіральнікам. Карацей, гэта людзі, якія ведаюць выбарчыя працэсы”.

Прашу спадара Карняенку назваць некаторыя прозьвішчы кандыдатаў для працы ў акруговых камісіях:

“Тут, у нашым сьпісе ёсьць два былыя кіраўнікі дзяржавы – Мечыслаў Грыб і Станіслаў Шушкевіч. Ёсьць былы мэр Гомелю Сьвятлана Гальдадзэ. Ёсьць два былыя міністры Павел Казлоўскі і Аляксандар Сасноў. Ёсьць дзейныя дэпутаты рэгіянальнага ўзроўню – прыкладам, Валянціна Кудлацкая зь Верхнядзьвінску. І мы будзем рабіць прэзэнтацыю гэтага сьпісу, найперш нашым выбарнікам”.

Заўважаю каардынатару, што дзейнае заканадаўства дазваляе мець у адной акруговай камісіі амаль два дзясяткі чальцоў. “Чаму ж тады дэмсілы вылучаюць у акрузе толькі па адной асобе?”. Мой суразмоўца адказвае:
Мы патрабуем неабходнага мінімуму...


“Тут вельмі важна падкрэсьліць сьціпласьць нашых патрабаваньняў. Мы ж не зьбіраемся прэтэндаваць на тое, каб у камісіі ўваходзіла палова нашых прадстаўнікоў. Але мы патрабуем неабходнага мінімуму, які дазволіў бы кантраляваць выбарчыя працэсы. Бо, каб нам прызнаць вынікі выбараў, трэба ж бачыць, як яны адбываюцца. Таму мы й вылучаем па адным прадстаўніку.

Гэта не азначае, што ня будзе іншых падобных ініцыятываў. Але наш сьпіс – адзіны сьпіс аб’яднаных дэмсілаў. Старшыня ЦВК спадарыня Ярмошына неяк казала, што няма ў нас такіх сілаў. А мы лічым, што мы ёсьць. Вылучаць нашых прэтэндэнтаў з гэтага сьпісу мы будзе паводле выбарчага заканадаўства – ад палітычных партыяў або праз збор подпісаў грамадзянаў. Але сама наяўнасьць такога сьпісу ёсьць дэманстрацыяй нашай пазыцыі”.

Пасьля сёньняшняга паседжаньня у Палітычнай радзе аб’яднаных дэмакратычных сілаў засталося замест 46 чальцоў 40. Скарачэньне адбылося за кошт двух месцаў зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту”, які раней выйшаў з АДС. А па два прадстаўнікі незарэгістраваных афіцыйна партыяў – БСДП (Народная грамада) Міколы Статкевіча і Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімера Навасяда – заявілі пра тое, што яны прыпыняюць сваю дзейнасьць у Палітрадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG