Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнікі — у трывозе і чаканьні


Якія наступствы пацягне за сабой канчатковая адмова ад 12-гадовага навучаньня? Бальшыня школьных выкладчыкаў лічыць, што ня варта было так радыкальна адмаўляцца ад напрацаванай мэтодыкі, арыентаванай на 12-годку. Неразьбярыха ў адукацыйнай праграме нэгатыўна адрэзануе як на школьніках, так на бацьках і настаўніках.


Намесьніца дырэктара Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, выкладчыца вышэйшай катэгорыі, выдатніца адукацыі Беларусі Ірына Сідарэнка кажа, што ад такіх радыкальных “хістаньняў” цярпяць усе — як навучэнцы, так і выкладчыкі. На яе думку, тысячы беларусаў апынуліся ў якасьці паддосьледных Міністэрства адукацыі. Экспэрымэнт, які ладзіўся 10 гадоў, урэшце прызнаны няўдалым. Вінаватых, як заўсёды, няма:

“Я не разумею, навошта трэба было рабіць 12-гадовую адукацыю з расьцягнутымі праграмамі, каб зараз усё напрацаванае выкінуць? Папросту трапілі дзеці пад экспэрымэнт. І ўсе мы трапілі. Мне здаецца, наўрад ці гэта так добра, як я чула ў інтэрвію чыноўніка Міністэрства адукацыі, які радасна заяўляў: маўляў, у нас усё будзе нармальна, на наступны год паступаць — нічога страшнага. Ды страшна! Людзі ўжо хвалююцца, начамі ня сьпяць — як будзе ў наступным годзе. А гэта для дзіцяці ўжо стрэс! Падрабязна пра штосьці казаць цяжка, бо мы ня бачылі праграмаў, іх яшчэ няма. Таму спачатку хацелася б паглядзець на праграмы: што будуць патрабаваць ад школьніка за сярэднюю школу, якія веды? Што ён павінен будзе здаваць, што ён павінен ведаць? У любым разе запатрабуецца вельмі хуткая перабудова ў мазгах і настаўнікаў, і дзяцей, і бацькоў. Пакуль на лета ўва ўсіх прыпадае такое чаканьне. І гэтае чаканьне вельмі трывожнае”.

Настаўнік зь вялікім досьведам выкладаньня Віктар Сырыца з Баранавічаў акцэнтуе ўвагу на тым, што рэформу робяць людзі, досыць далёкія ад веданьня рэальных праблемаў у галіне адукацыі. Як кажа спадар Сырыца, практычна ніводная з ужо перажытых рэформаў ня мела асаблівага плёну:

“У нас рэформу школы робяць якраз тыя, хто далёкі ад гэтай школы. Сярод іх мала прафэсіяналаў, якія займаюцца школьнай сыстэмай адукацыі. У такой сытуацыі шкада перадусім дзяцей. На маім вяку было ўжо пяць рэформаў — усё нешта робяць, а гэтая школа як была беднай, так і засталася. Як ня мелі самастойнасьці вучні, так і ня маюць. Настаўнікі бязвольныя і безыніцыятыўныя. Шкада і настаўнікаў. Што чакаць ад рэформы? Ужо зразумела, што “Гісторыі Беларусі” асобнага курсу ня будзе. А нават у савецкія часы асобна выкладалася “Гісторыя Беларусі”. Грамадазнаўства скарачаецца — “Чалавек і грамадзтва”. То бок тыя прадметы, якія выхоўваюць беларускасьць, грамадзянаў Беларусі, скарачаюцца. А самае галоўнае, што школа не свабодная, школа цалкам залежыць ад выканаўчай улады. Ня будзе мець свайго твару школа. Яны ўсе будуць аднолькавыя, як у савецкія часы”.

Выкладчык гісторыі Сяргей Русецкі зьмены ў сыстэме школьнай адукацыі называе курсам на “вынішчэньне нацыі”. На яго перакананьне, галоўнае пры гэтым нават ня колькасьць гадоў, праведзеных за школьнай партай, а зьмест праграмаў, якія пад выглядам рэформы намагаюцца прасунуць у школы. Да таго ж і ў працэсе падрыхтоўкі настаўнікаў усё больш месца пачынае займаць не прафэсійны, а ідэалягічны складнік:

“Калі гавораць, што школьніцы нараджаюць ці ў 19 гадоў школьнікі заканчваюць школу — гэта ёсьць спэкуляцыя. Таму што год дадаецца ня зьверху, а зьнізу на самой справе. Няма праблемы — 10, 11, 12 гадоў. Ёсьць праблема зьместу адукацыі. І ёсьць небясьпека кастрацыі ўсіх школьных курсаў — пачынаючы ад фізыкі і матэматыкі, якія ў савецкія часы мелі прывілеяванае становішча ў школьнай праграме, і заканчваючы гісторыяй, якая сёньня ёсьць курсам на забываньне, курсам на вынішчэньне. І гэта ўсё мае наўпроставую сувязь з тым, што нашы сёньняшнія ВНУ і пэдагагічныя каледжы, якія рыхтуюць спэцыялістаў для школаў, на жаль, не адпавядаюць свайму, як кажуць, пакліканьню. Менавіта тыя людзі, якія прыходзяць у школы, сёньня накіраваныя на манкурцтва, на каньюнктуру, на канфармізм”.

Прыхільнікі 12-гадовага навучаньня лічаць, што профільнае навучаньне дазволіла б істотна падвысіць узровень адукацыі і спрыяла б больш якаснаму прафэсійнаму самавызначэньню. Пры гэтым спасылаюцца на досьвед 170 краінаў сьвету, дзе 12-годка існуе ўжо працяглы час. У паўсотні краінаў дзеці навучаюцца ўвогуле 13 гадоў, а ў некаторых — нават 14.

Між тым школьная рэформа ніяк не акрэсьлівае адной з галоўных праблемаў беларускай школы — навучаньня на роднай мове. Паводле Таварыства беларускай школы, толькі 20% беларускіх школьнікаў атрымліваюць адукацыю на беларускай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG