Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны адмаўляе савецкія злачынствы


Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ўскладае кветкі да помніка ў Катыні, 17 верасьня 2007
Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ўскладае кветкі да помніка ў Катыні, 17 верасьня 2007

У газэце беларускага Міністэрства абароны “Во славу Родины” надрукаваны артыкул “Па лякалах Гебэльса, або Соль на раны” за подпісам Уладзімера Кажэўнікава. У матэрыяле рэзка крытыкуецца кінастужка польскага рэжысэра Анджэя Вайды “Катынь”. Аўтар называе гэты фільм “палітычным кічам” і спрабуе аспрэчыць дакумэнтальна даказаныя факты злачынстваў НКВД у Катыні ды іншых мясьцінах, дзе на загад камуністычнага кіраўніцтва СССР увесну 1940 году былі расстраляныя дзясяткі тысяч польскіх ваеннапалонных, у тым ліку нямала беларусаў.

“Катынь” — палітычная агітка ў падтрымку цяперашніх польскіх радыкалаў”, — піша на старонках “Во славу Родины” нехта Кажэўнікаў і працягвае: — “Пазыцыя іх такая: расейцы ў “неаплатным даўгу” перад нашчадкамі польскіх афіцэраў, захопленых падчас вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну”. Фільм зь ягонай “лютай нянавісьцю да Чырвонай Арміі”, як высноўвае аўтар, скроены і пашыты па “лякалах гебэльсаўскай прапаганды”.

У прыцэле крытыкі вайсковага дасьледчыка — кінастужка вядомага польскага кінарэжысэра Анджэя Вайды “Катынь”, у якой апавядаецца пра забойства тысяч польскіх афіцэраў і мірных грамадзянаў у Катынскім лесе ў 1940 годзе. Там жа быў зьнішчаны і бацька Вайды, так што ў рэжысэра былі асабістыя матывы, каб дасьледаваць дзесяцігодзьдзямі закрытую тэму. Дарэчы, сёлета фільм намінавалі на “Оскар” як найлепшую замежную стужку.

Тым часам Кажэўнікаў пераконвае сваіх чытачоў, што ніякага дачыненьня да расстрэлу палякаў савецкія чэкісты ня мелі, а займаліся гэтым нібыта фашысцкія акупанты...

Гісторык Ігар Кузьняцоў паглядзеў кінастужку “Катынь”, як толькі надарылася нагода. І абвяргаць убачанае ў яго няма ніякіх падставаў:

“Фільм Вайды я глядзеў вачыма гісторыка. Хоць гэта і мастацкі фільм, але я яго назваў бы мастацка-дакумэнтальным. Бо за аснову ўзятыя дзёньнікі — як адбывалася працэдура расстрэлу, як у Польшчы і ў іншых дзяржавах замоўчвалася гэтая праблема. Усё абсалютна адпавядае рэчаіснасьці, і я гатовы зь любым уступіць у палеміку, што гэты мастацкі фільм адпавядае фактам, якія мелі месца. Тым больш бацька Вайды там быў расстраляны, і гэта празь яго душу прайшло. Гэта ў немалой ступені дасягалася з дапамогай эмацыйных момантаў, зьвязаных зь відэашэрагам, але магу сказаць адназначна: уся дакумэнтальная аснова прысутнічае, так яно і было. Акцыя праводзілася таемна і пра яе доўгія гады ніхто ня ведаў”.

Кажэўнікаў прыводзіць уласны аргумэнт на карысьць таго, што да забойства палякаў ня мелі дачыненьня людзі з НКВД: “Калі б чэкісты сапраўды задумалі зьнішчыць зьняволеных, яны выправілі б эшалёны на Ўсход. Там праз тры дні пачынаюцца такія месцы, дзе сьведкамі маглі стаць толькі мядзьведзі і магілы не адшукалі б і ў ХХІ стагодзьдзі. Намагаючыся замесьці сьляды, НКВД рабіў усё, каб месцы расстрэлаў засталіся невядомымі”, — выказвае абазнанасьць аўтар публікацыі.

Дасьледчык пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў кажа, што ўва ўмовах павальных рэпрэсіяў чэкістам не было чаго баяцца — іх дзеяньні кіраваліся з Крамля:

“А навошта? Прыкладам, Курапаты — гэта ж не Сыбір. Вывезьлі ўсяго за некалькі кілямэтраў і расстралялі дзясяткі тысяч. Тое ж і ў тым выпадку, на Смаленшчыне. Не зьбіраліся яны нікуды вывозіць. Калі вывозілі, дык везьлі ў канцлягер, а не дзеля таго, каб дзесьці страляць. Каб вывезьці кудысьці дзясяткі тысяч людзей, неабходныя вялікія выдаткі. Таму быў сэнс вывозіць у канцлягер, каб чалавек бясплатна працаваў і прыносіў нейкі прыбытак. Таму натуральна, што расстрэльваў НКВД. Хто яшчэ ў 1939—1940 гадох мог расстрэльваць? Толькі гэтыя сталінскія каты, якія выразалі мільёны людзей — сотні тысяч беларусаў, палякаў, украінцаў, прыбалтаў. Толькі ў Менску ў 1937 годзе расстралялі больш за 10 тысяч чалавек. Так што для іх 10—20 тысяч чалавек зьнішчыць — гэта звычайная справа...”

Напачатку 1990-х апошняе кіраўніцтва Савецкага Саюзу прызнала і пацьвердзіла архіўнымі дакумэнтамі факты расстрэлу польскіх афіцэраў супрацоўнікамі НКВД. Былі рассакрэчаныя пратаколы Палітбюро, у якіх давалася санкцыя на забойства польскіх афіцэраў. Таму, як лічыць гісторык Ігар Кузьняцоў, спроба гістарычнай рэвізіі — гэта намер зноў пусьціць катынскую трагедыю ў рэчышча дасьледаваньняў савецкіх часоў:

“Трэба расцэньваць гэтую публікацыю не як нейкую сур’ёзную заяву, а як публікацыю ў “жоўтай” прэсе. Якая грунтуецца на вымыслах, дадзеных савецкім бокам яшчэ падчас працы камісіі Бурдэнкі ў 1944 годзе. Але яшчэ ў перабудовачныя часы Гарбачоў перадаў сьпісы афіцэраў польскай арміі, расстраляных на тэрыторыі Расеі. Украінскі бок перадаў сьпісы пяці тысяч расстраляных. І толькі Беларусь не агучыла гэтыя сьпісы. Гэты факт ужо не аспрэчваецца нікім у сьвеце! І вяртацца да вэрсіі акадэміка Бурдэнкі ў ХХІ стагодзьдзі — дзеля чаго гэта робіцца? Каб паказаць сваю тупасьць ці абсалютнае няведаньне праблемы. Проста прадублявалі савецкую вэрсію ў кантэксьце савецкай мадэлі гісторыі, якая сёньня ў нас існуе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG