Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канец цытаты": 24.05. – 30.05.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Гэта, фактычна, прарыў беларускіх хрысьціянаў у міжнародную палітыку. Беларускія хрысьціянскія цэрквы робяцца палітычнай сілай”.

Павал Севярынец, стваральнік Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі – пра свой візыт у Эўрапарлямэнт, падчас якога эўрадэпутатам была перададзеная пэтыцыя і 50 тысячаў подпісаў, сабраных у абарону свабоды сумленьня ў Беларусі


"У беларускай апазыцыі, мабыць, з-за няўпэўненасьці ва ўласных сілах нараджаецца ідэя разыграць расейскую карту, пачаць гульні з Расеяй. Лічым такія гульні вельмі небясьпечнымі для нашай краіны. Таму Эўрапейская кааліцыя, пераканаўшыся, што эўрапейскай інтэграцыі ў плятформе "адзінага сьпісу" на гэтых выбарах ня будзе, вырашыла фармаваць Эўрапейскі сьпіс”.

Мікола Статкевіч, лідэр “Эўрапейскай кааліцыі” – пра выбарчы сьпіс кааліцыі


"Мне здаецца, 12 прапановаў Эўразьвязу замяняюць беларускай апазыцыі ўсю стваральную праграму".

Юры Чавусаў, палітоляг – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”


“Мы сутыкаемся з кансалідаванай пазыцыяй краінаў Эўразьвязу, якія ўвязваюць пачатак перамоваў з выкананьнем вядомых 12 прапановаў Эўразьвязу. Таму праца ў гэтым накірунку надзвычай цяжкая. Мы спрабуем весьці двухбаковыя перамовы, але парушыць салідарнасьць краінаў шэнгенскай зоны пакуль не ўдаецца”.

Віктар Гайсёнак, намесьнік міністра замежных справаў – пра перамовы з краінамі Эўразьвязу аб зьніжэньні коштаў візаў для грамадзянаў Беларусі


“Можна паназіраць за іншымі хворымі. Часам гэта цікава. Адзін піша цікавыя вершы і паведамляе цікавую інфармацыю. А як пачне сам з сабой размаўляць — толькі слухай. Другі вельмі перажывае, калі нехта пачынае есьці. Вельмі хоча есьці. Сядзіць тут 9-ты месяц, чакае, калі забяруць у псыхдыспансэр. Дакумэнтаў у яго ніякіх, ды яны яму й непатрэбныя, ён чытаць ня ўмее. Трэці ўсё мые: сьцены, падлогу, стол, усё, што трапляе пад рукі. Чацьвёрты хоча напісаць яўку з павіннай, але ня можа прыдумаць, пра што. Два астатнія дастаткова ціхія, але гэта пакуль не пачнуць сварыцца. Тады хавайся ў бульбу”. Вось такая ў яго кампанія. Такім чынам, я мяркую, можа, яго адмыслова туды зьмясьцілі. Маўляў, ты хацеў у санчастку, ты хворы — дык на табе, калі ласка, сядзі”.


Натальля Парсюкевіч, жонка палітзьняволенага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча – пра ўтрыманьне яе мужа ў турэмным шпіталі разам з псыхічна хворымі

"Беларускі закон будзе падобны на польскі закон пра “карту паляка”, у якой няма нічога кепскага”.

Уладзімер Ламека, намесьнік упаўнаважанага у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў – пра распрацоўку беларускага закона «Аб суайчыньніках».


“На трэцім паверсе ў мяне пакой. І якраз гэты кран насупраць мяне стаяў. У пакоі было адчыненае вакно, і нейкія долі сэкунды гляджу – гэты кран на мяне ляціць. Вось гэты першы ўдар быў там, дзе я жыву. Усяго было два ўдары: страла пераламалася і ўпала ў будынак, выбіла бэтонныя блёкі і яны ўсе ўпалі на падлогу. Людзі з бліжэйшых дамоў пазьней мне тэлефанавалі і казалі, што было адчуваньне, што здарыўся землятрус”.

Ксёндз Фларыян, настаяцель касьцёла ў Салігорску – пра падзеньне на касьцёл вежавага крана


“Пісаў яе я амаль год, а пасьля зьнішчыў. Таму што няправільна абраў кірунак. Я пісаў пра сябе, пра сяброў – карацей, біяграфічны матэрыял. А потым зразумеў: ну, каму гэта будзе цікава? Толькі таму, пра каго напісаў. Каб больш не паўтараць гэтага глупства, я ўсё парваў і пачаў пісаць наноў ужо пра палітычныя падзеі”.

Вячаслаў Кебіч, былы прем’ер-міністар Беларусі – пра свае новыя ўспаміны


“У мяне баліць рука, перадплечча, нага. Білі прафэсійна. Расьцягвалі шыю. Мне рабілі “ластаўку". Падымалі за валасы. Я валяўся на падлозе. На мяне ставілі ногі. Гэтым гвалтам кіраваў маёр Тоўсьцік, а дапамагаў яму старшына Пашолкін. Яны казалі, што зараз адсячом табе пальцы. Мяне вазілі ў траўмапунт, аднак лекары й міліцыянты заадно. Сьледчы выпісаў мне накіраваньне на пабоі”.

Алесь Чыгір, палітычны актывіст з Бабруйску – пра тое, як яго зьбівалі ў міліцэйскім пастарунку


“Чалавек ужо зразумеў: нічога ў сьвеце ня мае сэнсу, акрамя таго, якога мужчыну ці якую жанчыну ты знойдзеш”.

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG