Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці С.Парсюкевіча: “Я так спадзявалася на справядлівасьць!”


Сяргея Парсюкевіча накіравалі ў Шклоўскую калёнію на 2,5 года.


Марнымі аказаліся спадзяваньні сваякоў і сяброў віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча на тое, што Менскі гарадзкі суд адменіць ці хаця б зьменшыць прысуд, які месяц таму вынес судзьдзя Мікалай Аўдзеенка з Маскоўскага суду Менска. Такім чынам, 2,5 года зьняволеньня і кампэнсацыя болей за мільён рублёў – гэты прысуд прадпрымальніку уступіў у сілу.

Калі я па тэлефоне паведаміў пра рашэньне суду маці вязьня Веры Парсюкевіч, якая жыве ў Віцебску, тая заплакала. Насуперак усяму Вера Фёдараўна ўсё ж чакала, што яе сына вызваляць..
Справядлівасьці чакала, але, аказваецца, яе ў нас няма.


“Канешне ж, чакала. Справядлівасьці чакала, але, аказваецца, яе ў нас няма”.

Нагадаю, Сяргея Парсюкевіча прызналі вінаватым ў зьбіцьці ахоўніка турмы на Акрэсьціна Аляксандра Дулуба. У турму прадпрымальнік патрапіў пасьля мітынгу пратэсту 10-га студзеня. Сам Парсюкевіч даводзіў у судзе, што насамрэч гэта яго пачаў зьбіваць і нават душыць міліцыянт Дулуб, а яму нічога не заставалася, як абараняць сваё жыцьцё.

Паводле адваката Веры Страмкоўскай, на разгляд касацыйнай скаргі ў суд прыйшло шмат сяброў прадпрымальніка і людзей, якія яму спачуваюць. Яны вельмі абураліся рашэньнем гарадзкіх судзьдзяў. На думку гэтых назіральнікаў, на працэсе прагучала дастаткова доказаў невінаватасьці Сяргея Парсюкевіча, але суд іх не ўлічыў.

У Жодзінскім сьледчым ізалятары 30-га траўня паведамілі, што ў той дзень Сяргея Парсюкевіча этапавалі ў Шклоўскую калёнію. Паводле дасьведчаных крыніц, пераезд можа зацягнуцца на некалькі дзён.

Этап – дастаткова цяжкае выпрабаваньне для вязьняў. Яго ўжо зьведаў актывіст Андрэй Кім, які гэты тыдзень адбыў у Бабруйскай калёніі. Маці вязьня Тацяна Кім сустракалася зь ім у аўторак і пятніцу. Жанчына кажа, што пасьля этапу сын быў вельмі стомлены.

“Я яму ўчора перадачу перадала, ён ужо ачуняў і добра выглядае. Першы раз ён, канешне, вельмі дрэнна выглядаў, я нават расплакалася, а цяпер усё нармальна”.

Нагадаю, Андрэя Кіма асудзілі на 1,5 года зьняволеньня за напад на міліцыянта падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Актывіст абскардзіў прысуд. Калі разгледзяць ягоную скаргу, пакуль не вядома.

З Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі сустрэўся адвакат Зьміцер Гарачка. Пра вынікі сустрэчы распавяла дачка былога кандыдата на прэзыдэнта Вольга Казуліна:

“Выглядае нармальна, бадзёры і энэргічны. Сказаў падаваць у суд зыск аб паклёпе на Алега Праляскоўскага, які сьцьвярджаў у сваім артыкуле, што тату прапаноўвалі волю, а ён сам нібыта адмовіўся. І яшчэ выказаў меркаваньне, што выбары ў парлямэнт адбудуцца 28-га верасьня разам з рэфэрэндумам пра адзіную дзяржаву з Расеяй”.

Аляксандр Казулін у зьняволеньні з 25-га сакавіка 2006-га году. Палітык быў пакараны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных забурэньняў. Праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі і ў сьвеце лічаць Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG