Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газету Слонімскую” выкідаюць на вуліцу


Рэдактару газэты паведамілі пра гэта ў камбінаце бытавога абслугоўваньня, дзе на правах арандатара знаходзіцца рэдакцыя, і прапанавалі прыйсьці забраць акт аб перадачы памяшканьня.


Яшчэ ўчора кіраўнік слонімскага камбінату бытавога абслугоўваньня падпісаў заяву Віктара Валадашчука, каб працягнуць арэнду на месяц, а раніцай ужо зьявілася іншае рашэньне.

Віктар Валадашчук, камэнтуючы яго, зьвяртае ўвагу на тое, што загад спыніць арэнду прыйшоў са Слонімскага райвыканкаму. Так, прынамсі, яму патлумачыла сакратарка з прыёмнай быткамбінату.

За гэтыя пару дзён мы павінны вывезьці ўсю сваю маёмасьць, праўда — куды? Я ня ведаю: на вуліцу, па гаражах... Ну, кампутары забяруць супрацоўнікі й будуць працаваць у кватэрах
Валадашчук: “І тут гэтыя адпіскі па нашых пытаньнях з выканкаму, маўляў, мы нічога ня ведаем, вырашайце свае праблемы на ўзроўні суб’ектаў гаспадараньня — усё гэта толькі адпіскі. Насамрэч усё вырашылі ў райвыканкаме”.

Пытаюся ў рэдактара: што яны зьбіраюцца рабіць далей?

Валадашчук: “За гэтыя пару дзён мы павінны вывезьці ўсю сваю маёмасьць, праўда — куды? Я ня ведаю: на вуліцу, па гаражах... Ну, кампутары забяруць супрацоўнікі й будуць працаваць у кватэрах”.

Карэспандэнт: “А ці выйдзе наступны нумар газэты?”

Валадашчук: “Мы плянуем выдаць наступны нумар, яшчэ пасьпеем яго падрыхтаваць, а далей... Карэспандэнты змогуць яшчэ працаваць па кватэрах, але дзе разьмясьціць бухгальтэрыю й рэклямную службу?”

А вось якім чынам пракамэнтаваў высяленьне рэдакцыі начальнік ідэалягічнага аддзелу Слонімскага райвыканкаму Сяргей Юшкевіч.

Юшкевіч: “У гэтай сытуацыі быў задзейнічаны ня толькі наш аддзел, а таксама іншыя аддзелы, якія маюць дачыненьне да арэнды памяшканьняў у камбінаце бытавога абслугоўваньня. На маю думку, праблема вырашаецца нядрэнна”.

Размаўляю з намесьнікам рэдактара, Сяргеем Чыгрыном, пытаюся пра настрой у калектыве.

Чыгрын: “Я нават ня ведаю, мы пакуль у шоку. Але я ўжо пачаў складаць паперы, перабіраць архівы. Мы ўжо прывыклі тут, вельмі добры будынак, у цэнтры гораду, мы ўжо гадоў сем тут знаходзімся. Працоўная абстаноўка ў нас заўсёды была добрай. А зараз... мы нават ня ведаем, куды нам ехаць”.

Літаральна перад пачаткам эфіру Віктар Валадашчук паведаміў мне, што да яго патэлефанавалі з падатковай інспэкцыі й сказалі, што на наступным тыдні прыйдуць з праверкай.



Газету Слонімскую” загадзя папярэдзілі пра тое, што з 1 чэрвеня ёй адмаўляюць у арэндзе. Знайсьці новае памяшканьне, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца.

Некалькі месяцаў таму паводле вуснага загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, а рэдактар атрымаў ліст з папярэджаньнем аб парушэньні ліцэнзіі дробнага гандлю (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі). У лісьце зьмяшчалася пагроза ануляваць ліцэнзію.

Усё гэта на дадатак да таго, што вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, бо дамову не працягнулі.

Два тыдні таму “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі фонду “Цайт”. Уручэньне прэміі адбылося 19 траўня ў ратушы Гамбурга (Нямеччына). “Газета Слонімская” прызнана найлепшай за асьвятленьне падзей у рэгіёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG