Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да якога часу будуць судзіць маладых герояў Беларусі?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 29 траўня, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Міністэрства фінансаў Беларусі прапануе ўвесьці адзіную стаўку падаходнага падатку — 12%. Камэнтар слухача:

Спадар: “Прапанова, як удасканаліць падатковую сыстэму. Вярнуць старым ды зьнямоглым людзям усе льготы, ня даць драць зь іх грошы нават у цягніках. А грошы драць з тых асобаў, што цяпер жывуць у Драздах. У іх грошы ёсьць добрыя — трэба капнуць. Гэты досьвед нікуды ня зьнік. Ёсьць і ў нас. І “бацька” — галоўны на Беларусі бальшавік”.

Слухачы “Свабоды” таксама працягваюць камэнтаваць прысуд у так званай “справе 14-ці”. Нагадаю, што траіх юнакоў зьвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня і пакаралі абмежаваньнем волі.

Калі Эўропа ўвядзе эканамічныя санкцыі, то рэжыму прыйдзе канец. На вуліцу выйдуць сотні тысяч галодных людзей
Анастас Семяновіч:
“Таварыш галоўны начальнік Беларусі, я і абсалютная большасьць народа не разумеем: да якога часу вы будзеце судзіць нашых маладых герояў Беларусі? Гэта будучыя кіраўнікі Рэспублікі Беларусь. Шаноўныя маладыя людзі, я вамі вельмі ганаруся! Вы сапраўдныя героі. Калі Эўропа ўвядзе эканамічныя санкцыі, то рэжыму прыйдзе канец. На вуліцу выйдуць сотні тысяч галодных людзей”.

Наступны слухач задае пытаньне:

Спадар Рыбакоў: “Да мяне зьвярнуўся мясцовы жыхар, ён вярнуўся з ЛТП. Як вядома, у Беларусі тры мужчынскія ЛТП. Тых, хто павінен плаціць алімэнты, на працу не бяруць. Тых дзяцей дзяржава ня хоча ўтрымліваць. І па-другое. Ён мне паказаў 6 разьліковых лісткоў, як ён працаваў. Я глянуў тыя лісткі: налічана 2 тысячы за месяц і вылічана. На рукі атрымаць — 10 рублёў. Чатыры месяцы працаваць на пачак запалак. Лічу, што калі б у лістку быў налічаны мінімальны пражытковы бюджэт, а потым бы вылічылі за камунальныя паслугі, за харчаваньне, — гэта адно. Але гэта я лічу парушэньнем правоў чалавека. Я яму раю зьвярнуцца ў суд. Падкажыце, як гэта зрабіць”.

Адказвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч: Сыстэма ЛТП існуе яшчэ са старых савецкіх часоў і рэгулюецца яшчэ пастановамі БССР ад 1991 года. Таму адразу ўзьнікае пытаньне: што гэта за сыстэма і куды яна скіраваная? Людзей фактычна пазбаўляюць волі не за тое, што яны зьдзейсьнілі нейкае злачынства, а за тое, што яны алькаголікі. Калі мы кіруемся тым меркаваньнем, што гэта людзі хворыя, то іх трэба лячыць, а не ізаляваць у турэмныя ўмовы. Зразумела, навошта гэта робіцца — каб была танная працоўная сіла, якую можна эксплюатаваць колькі і як заўгодна. Я ўжо не кажу пра тое, што адміністрацыя гэтых устаноў выкарыстоўвае гэтых людзей у асабістых мэтах. Яны працуюць у іх на лецішчах, і гэтак далей. Дарэчы, у Літве гэтая сыстэма была скасаваная, як толькі краіна набыла незалежнасьць. Бо яна сапраўды супярэчыць прынцыпам правоў чалавека”.

Вэтэран працы: “Учора ў вёсцы Сідаравічы Магілёўскага раёну згарэла 51 цяля. Я лічу, за гэта павінны заплаціць са свайго заробку старшыня райвыканкаму Разгалаў і старшыня аблвыканкаму Батура”.

Аляксандар Анатолевіч Яцкевіч, Віцебск: “Прагучаў вельмі нядрэнны пераклад песьні “Ляцяць пералётныя птушкі”. У мяне ёсьць некалькі такіх твораў. І нідзе яны не гучаць, бо я заблякаваны. Няхай будзе сорамна тым, хто гэта робіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG