Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст не чакаў рашэньня суду, ліквідаваўшы структуру БНФ у Горадні


Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд скаргі грамадзкага аб’яднаньня “БНФ “Адраджэньне” на Міністэрства юстыцыі. Падчас разгляду высьветлілася, што Гарадзенскае абласное аддзяленьне аб'яднаньня ўжо зьліквідаванае.


Міністэрства юстыцыі яшчэ ў красавіку вынесла пісьмовае папярэджаньне грамадзкаму аб’яднаньню “БНФ “Адраджэньне” ў зьвязку з тым, што яе гарадзенская абласная структура ня мае юрыдычнага адрасу. Прадстаўнікі аб'яднаньня цьвердзяць, што гэтае папярэджаньне было неабгрунтаваным. Гаворыць сябра сойму БНФ Юры Чавусаў:

“Дзякуючы намаганьням лідзкай арганізацыі гарадзенская абласная арганізацыя атрымала юрыдычны адрас. І ў Мін’юст паведамлялася, што ўсё зроблена, дакумэнты перадаюцца. Але чамусьці яны перададзеныя не былі. У тых варунках, у якіх мы працуем, гэтага трэба было чакаць. Сытуацыя стандартная. На мой погляд, патрабаваньні занадта строгія – забарона рэгістравацца на кватэрах. Ранейшы юрыдычны адрас быў на кватэры, і патрабавалі памяняць на адміністрацыйны”.

Сёньня падчас разгляду скаргі высьветлілася, што прадмет спрэчкі ўжо ліквідаваны: 16 траўня ўпраўленьне юстыцыі зьняло з уліку гарадзенскую абласную арганізацыю, фактычна яе ліквідавала “Яны не дачакаліся выніку разгляду справы ў судзе. Але мы ўсе ведаем, якія рашэньні прымае суд. Рашэньне суду будзе абвешчанае ў пятніцу а 12-й гадзіне, хаця значэньня гэта ніякага ня мае, бо гарадзенская абласная арганізацыя зьліквідаваная”.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч заявіў:

“Папярэджаньне Міністэрства юстыцыі насамрэч перасьледуе выключна палітычныя мэты. Скіравана на тое, каб яшчэ больш абмежаваць магчымасьці грамадзкім аб'яднаньням, палітычным партыям у іх дзейнасьці напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Ліквідацыя структураў абласнога ўзроўню цягне за сабой пэўныя абмежаваньні па вылучэньні прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і па назіраньні. Таму гэта працяг той зачысткі, якая праводзілася напярэдадні мінулых парлямэнцкіх выбараў, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. На жаль, Міністэрства юстыцыі ператварылася выключна ў карны орган”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG