Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія джазмэны адкрыюць у Менску джаз-клюб


Амэрыканскі джаз-квартэт “Alvin Atkinson and the Sound Merchants”
Амэрыканскі джаз-квартэт “Alvin Atkinson and the Sound Merchants”

Да 1 чэрвеня ў рамках праграмы амэрыканскай музыкі за мяжой “Дарогай рытму” ў Менску гасьцюе вядомы джазавы квартэт з ЗША “Alvin Atkinson and the Sound Merchants”. Заснавальнік і ідэйны натхняльнік праекту Элвін Аткінсан дасьць у беларускай сталіцы два канцэрты, адзін зь іх — сёньня, а таксама правядзе майстар-клясы для студэнтаў музычнай вучэльні. Праект “Дарогай рытму” — партнэрская ініцыятыва праграмы “Джаз у Лінкольн-цэнтры” (Нью-Ёрк) і Бюро ў пытаньнях адукацыі і культуры Дзярждэпартамэнту ЗША


Музыкі “Alvin Atkinson and the Sound Merchants” — сталыя ўдзельнікі найбуйнейшых усясьветных джазавых фэстываляў у Мантро, “Changhai Jazz”, “Carolina Jazz Festival”, “North Sea Jazz Festival”.

У склад джазавага квартэту ўваходзіць яго нязьменны кіраўнік бубнач Элвін Аткінсан, саксафаністка Лакіша Бэнджамэн, клявішнік Шон Хігінс і басіст Амін Салім. У сваёй творчасьці музыкі спалучаюць джаз з элемэнтамі блюзу. Менскія канцэрты “Alvin Atkinson and the Sound Merchants”, як паведаміў супрацоўнік прэсавай службы амбасады ЗША ў Менску Алесь Круглякоў, сталі вынікам культурнага супрацоўніцтва шэрагу зацікаўленых суб'ектаў:

“Гэта праграма Дзярждэпартамэнту, якая плянавалася задоўга да ўсіх падзеяў, што азмрочылі беларуска-амэрыканскія стасункі. Па такіх праграмах у Беларусь у розныя гады прыяжджала шмат вядомых музыкаў. Што да сёньняшняга канцэрту, то ён адбудзецца а 19 гадзіне ў вялікай залі беларускай філармоніі. У наступныя дні будуць майстар-клясы, прэсавыя канфэрэнцыі і г.д.”

Весьці канцэрты будзе кіраўнік менскага “Джаз-Саўнд-Клюбу”, адзін з найлепшых беларускіх джазмэнаў Яўген Уладзіміраў. Візыт прадаўжальнікаў “чорных традыцый” Гарлему ў Беларусь спадар Уладзіміраў называе знакавым для ўсіх аматараў джазу ў краіне:

“Што тычыцца Элвіна Аткінсана, то гэта музыкант легендарны, адзін зь вядучых джазавых барабаншчыкаў. Ужо больш за 15 гадоў ён выступае з канцэртамі па ўсім сьвеце. Што адметна, у складзе яго ансамблю грае саксафаністка Лакіша Бэнджамэн — адна зь нямногіх у сьвеце жанчын-саксафаністак. Ня часта сустрэнеш такое, па вялікім рахунку, усё ж гэта мужчынскі інструмэнт... Я ўвогуле лічу, што джаз — гэта лякмусавая паперка, якая адлюстроўвае ступень разьвіцьця грамадзтва. Расьцем мы з вамі — расьце і якасьць джазу”.

29 траўня ў аркестравай студыі джазавага аддзяленьня музычнай вучэльні імя Глінкі пройдзе майстар-кляс зорак амэрыканскага джазу для беларускіх студэнтаў. А 30 траўня каманда Аткінсана возьме ўдзел у адкрыцьці першага ў Беларусі джаз-клюбу ў памяшканьні клюбу “Вар'етэ” ў Палацы Рэспублікі. Пасьля выступу заакіянскіх гасьцей на сцэне заплянаваны джэм-сэйшн з найлепшымі джазмэнамі Беларусі. Працягвае Яўген Уладзіміраў:

“Займаючыся арганізацыяй джазавых канцэртаў ад 1988 году, мы добра адчуваем джазавую сытуацыю ў краіне і бачым: публіка неймаверна жадае слухаць джаз у абстаноўцы неафіцыйнай. Калі ўтульныя крэслы, канапкі, і літаральна за 20 сантымэтраў ад цябе разгортваецца гарачая джазавая дзея. Мы прыйшлі да высновы, што сталы джаз-клюб — гэта якраз тое, што даўно патрэбна ў нашым горадзе.

Надзвычай прыемна, што менавіта чарнаскурыя зоркі джазу ЗША адкрываюць джаз-клюб у Менску. Мы ж па меры магчымасьцяў нароўні з тым, што прывозім зорак усясьветнага клясу ў Менск, прапагандуем майстроў нашага, беларускага джазу. Беларуская джазавая школа за апошнія 5 гадоў дамаглася выдатных посьпехаў. Агульнавядома, што лепшыя нашыя музыкі граюць так, што прыяжджаюць да нас зь Нью-Ёрку музыкі і зьдзіўляюцца: такое адчуваньне, што чарнаскурыя традыцыі Гарлему працягваюцца ў нашых выканаўцаў. То бок яны адчуваюць адценьне блюзу ніколькі ня меней, чым сапраўдныя чарнаскурыя музыкі ў Гарлеме. І гэта вельмі прыемна”.

Яўген Уладзіміраў падкрэсьлівае, што джаз-клюб — гэта не рэстарацыя, куды прыходзяць пад'есьці і дзе музыка паскарае працэс страваваньня. Джаз-клюб — перадусім дзеля джазу, каб слухаць улюбёную музыку ў кампаніі аднадумцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG