Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пакараюць спэцназаўцаў за зьбіцьцё 25 сакавіка?


Юрася Карэтнікава, удзельніка сьвяткаваньня Дня Волі, у пракуратуры Савецкага раёну Менску дапыталі наконт ягонага зьбіцьця спэцназаўцамі ў часе затрыманьня на Дзень Волі.


Нагадаем, 25 сакавіка ў Менску падчас разгону дэманстрацыі спэцназаўцы затрымалі больш за 80 чалавек. Некаторых жорстка зьбілі. Больш за дзясятак чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу.

Юрась Карэтнікаў даў пісьмовыя паказаньні ў пракуратуры Савецкага раёну Менску наконт інцыдэнту, які меў месца 25 сакавіка на праспэкце Незалежнасьці. Юрась апавёў, што пад час так званай зачысткі спэцназаўцы зьбівалі яго ззаду па галаве.

“Я быў даволі моцна зьбіты. Мне зашывалі галаву ў 9-ым клінічным шпіталі. Яго цікавіла хто мяне зьбіваў, ці памятаю я твары, ці змагу апазнаць тых асобаў... Наўрад ці я змагу гэта сказаць, бо мяне зьбівалі са сьпіны. Разгон быў даволі брутальны. Пры мне зьбівалі жанчын, дзяўчынак, непаўналетніх”.

Юрась параіў сьледчаму зьвярнуцца па відэаматэрыялы, якія, на ягоную думку, ёсьць у архівах спэцслужбаў. Ён лічыць, што такім чынам можна будзе апазнаць тых асобаў у форме, якія яго зьбілі. Але сам ён ня верыць у тое, што распачнуць крымінальную справу і давядуць яе да суду.

Калі некалькі дзясяткаў затрыманых судзілі ў некалькіх раённых судах, сьведкамі з боку міліцыі былі спэцназаўцы з Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Яны не маглі дакладна паведаміць у якім месцы затрымалі таго ці іншага чалавека. Некаторыя зь іх тлумачылі гэта тым, што не арыентуюцца ў Менску, бо прыехалі ў сталіцу ўпершыню.

Гаворыць Юрась Карэтнікаў:

“Звычайна менскія спэцназаўцы ня любяць “сьвяціцца” перад камэрамі. А тыя абсалютна нахабна, брутальна, не баючыся тэлекамэр, зьбівалі моладзь, жанчын, непаўналетніх”.

Юрась лічыць невыпадковым тое, што яго цяпер праз два месяцы пасьля таго, як у шпіталі зафіксавалі пабоі, выклікалі ў пракуратуру. Яму стала вядома, што днямі міліцыянты абыходзілі ягоных суседзяў у доме і запытвалі ў іх пра асобу Карэтнікава.

“Запытваліся пра склад маёй сям’і, хто чым займаецца, ці былі ў нас якія-небудзь непаразуменьні, ці былі канфліктныя сытуацыі. Я гэта ўспрымаю як уціск перад выбарчай кампаніяй. Зьяўляюся прэтэндэнтам па Паўднёва-заходняй акрузе № 100 ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл”.

У пракуратуры дапыталі і сябра Юрася Карэтнікава, які таксама параіў сьледчым зьвярнуцца ў тыя структуры, для якіх людзі ў цывільным здымалі разгон удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі на відэакамэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG