Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Фларыян Казлоўскі: “Кран падаў на мяне”


Улады Салігорску адрамантавалі будынак касьцёлу, на які ўпаў кран. Вернікі, аднак, рамонтам не задаволеныя.


Прадстаўнікі мясцовай улады наведалі месца здарэньня толькі пасьля пісьмовага звароту вернікаў. А будаўнікі сьпешна замайствалі дзіркі.

Лядовы палац у Салігорску будуецца побач з касьцёлам. Пад’ёмны кран вагою 140 тон упаў каля 23-гадзіны ў суботу. Настаяцель касьцёла, ксёндз Фларыян у гэты момант знаходзіўся ў будынку і вось як узгадвае здарэньне:

“На трэцім паверсе ў мяне пакой. І якраз гэты кран насупраць мяне стаяў. У пакоі было адчыненае вакно і нейкія долі сэкунды гляджу – гэты кран на мяне ляціць. Вось гэты першы ўдар быў там, дзе я жыву. Усяго было два ўдары: страла пераламалася і ўпала ў будынак, выбіла бэтонныя блёкі і яны ўсе ўпалі на падлогу. Людзі з бліжэйшых дамоў пазьней мне тэлефанавалі і казалі, што было адчуваньне, што здарыўся землятрус”.

Адмысловая камісія зараз вывучае прычыны здарэньня. Папярэдняя вэрсія – дрэнныя ўмовы надвор’я, паведаміла “Свабодзе” супрацоўніца аддзелу ідэалёгіі Салігорскага райвыканкаму Натальля Емельянава. Прадпрыемства “Прамбуд”, якое будуе лядовы палац, узяло на сябе адказнасьць за здарэньне і абавязкі ў справе кампэнсацыі шкоды.

Дзірку ў даху будаўнікі ўжо замайстравалі, паведаміў Свабодзе намесьнік генэральнага дырэктара Аляксандр Дуда:

“Вялікай шкоды там няма. Прабіла дах – адзін квадратны мэтар зачапіла. Мы даўно ўсё гэта выправілі. Цэлую ноч людзі працавалі. Там ляжала плітка такая прыгожая, чырвоненькая – такой пакуль не знайшлі. Але бліжэйшым часам нашы знойдуць, набудуць і ўсё выправім. Зараз кран на рэвізіі, праз пару дзён усталюем і будзем працаваць, як працавалі”.

Вернікі касьцёла зьвярнуліся ў гарвыканкам з заявай пра поўную кампэнсацыю шкоды. Ксёндз Фларыян Казлоўскі таксама кажа, што пасьпешлівы рамонт касьцёлу яго не задавальняе:

“Дах – яго сьцягнула. Яны нібыта замайстравалі, але дзіркі такія засталіся, што руку можна прасунуць. Яны гэта так пасьпешліва рабілі, як і будову гэтага палацу. А колькі выпадкаў надзвычайных было на гэтай будове – дык не пералічыць”.

Неўзабаве Салігорск адзначае 50-годзьдзе заснаваньня. Да юбілею мае быць узьведзены і лядовы палац, а таму будаўнікі працуюць у тры зьмены. Вось што пра гэта кажуць мясцовыя жыхары – слухачы Свабоды:

“Павальная палаца-лядовасьць дайшла вось і да Салігорску. Пад’ёмны кран пашкодзіў дах, пакоі і іншае ў касьцёле. Улады відаць ня хочуць, каб гэта было вядома на ўсю Беларусь. Адно спадзяваньне на Радыё Свабода, каб людзі даведаліся якімі сродкамі будуюцца лядовыя палацы, у Беларусі, у тым ліку ў Салігорску”.

Сёньня ў Салігорск накіроўваюцца прадстаўнікі кіраўніцтва Каталіцкай царквы Беларусі для далейшага вырашэньня пытаньняў рамонту будынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG