Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Андрасюк: люблю Мрыя, Гашка, Грабала


У гарадзенскім Таварыстве беларускай школы адбылася сустрэча чытачоў з пісьменьнікам зь Беласточчыны Міхасём Андрасюком.


Ён нарадзіўся ў 1959 годзе за два кілямэтры ад тады савецкай мяжы, працуе ў Беластоку на Радыё Рацыя і піша прозу. Госьць прадставіў сваю апошнюю кнігу “Белы конь”, а таксама дакумэнтальны фільм “За бочку мёду”.

Кніга выйшла ў бібліятэцы Беларускага літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”. У сваім фільме пісьменьнік распавядае пра тое, як жыхары вёскі на Беласточчыне зафундавалі савецкім вайскоўцам, якія праводзілі мяжу паміж СССР і Польшчай, самагон, сала, мёд, каб тыя не дзялілі вёску напалам, а цалкам пакінулі яе з польскага боку. Вяскоўцы не хацелі ў савецкі калгас, кажа Міхась Андрасюк, аднак яны дагэтуль баяліся расказваць пра гэтае здарэньне пры ўключанай кінакамэры.

Карэспандэнт: “Міхась, што адчувае беларускі пісьменьнік, які прыяжджае з Польшчы выступаць у Горадню? Беларускія пісьменьнікі бываюць у вас часьцей, ці ўсё гэта здараецца ўвогуле рэдка?”

Андрасюк: “Вось як ні дзіўна, але гэта вельмі рэдкая зьява, бо й беларускія пісьменьнікі заяжджаюць да нас толькі час ад часу, і мы бываем у Беларусі ня так часта, як хацелася б. Дарэчы, гэта мой першы аўтарскі вечар у Беларусі, калі не лічыць адной сустрэчы са студэнтамі ў Берасьці, у Горадні — дакладна першая”.

Карэспандэнт: “Заўважна, што ў сваёй творчасьці ты выкарыстоўваеш вугал зроку такі гумарыстычны. Гэта таму, што чытачу лягчэй чытаць штосьці сьмешнае, ці ў цябе папросту такі погляд на жыцьцё, ты заўважаеш такія рэчы?”

Андрасюк: “Так, я гляджу на жыцьцё зь нейкай дыстанцыі, ня трэба яго ўспрымаць вельмі сур’ёзна. Мая іронія, я стараюся, прынамсі, каб яна была цёплай, таму што я ў чалавеку найперш шукаю нешта добрае, у кожным чалавеку, а потым ўжо ўсё астатняе”.

Карэспандэнт: “Ці адчуваеш ты карані ў гумарыстычнай творчасьці тых жа ананімных аўтараў, “Тарас на Парнасе”, дапусьцім, а таксама сучасных? Ці ўсё-ткі проста сам так працуеш: вось, напрыклад, гэтая сытуацыя зь вёскай — “За бочку мёду” — як там савецкіх вайскоўцаў папрасілі мяжу адмераць, каб вёска была разам. Можа быць, у беларускім жыцьці нямала такіх анэкдатычных сытуацый, што яно пачынае нагадваць трошку анэкдот?”

Андрасюк: “Думаю, так. Скажам, мае ўлюбёныя аўтары, мая ўлюбёная проза, калі пра беларускую казаць, то гэта Андрэй Мрый і “Запіскі Самсона Самасуя” — дакладна мая ўлюбёная кніжка, першая беларуская, па-мойму. Але таксама мне падабаецца чэская літаратура, гэта Гашак і Грабал. Як ні дзіўна, я нават нешта такое супольнае адчуваю паміж чэхамі і намі, беларусамі.

Тое, што я пішу, што засяроджваюся на маёй маленькай правінцыі беларускай, на памежжы польска-беларускім, гэта факт. Але я думаю, што такіх герояў можна знайсьці ў кожным мястэчку, ня толькі польскім ці беларускім, а на кожным памежжы. Гэтая мяжа можа быць наяўнай мяжой, а можа быць толькі мэтафарай”.

Карэспандэнт: “Калі ты прыяжджаеш у Горадню, то хочаш наведаць нейкае канкрэтнае месца, дзесьці пабываць абавязкова, ці такога месца няма?”

Андрасюк: “Горадня мой улюбёны горад у Беларусі. Вуліца Савецкая —улюбёная вуліца. Што яшчэ? Каложа, Нёман. У Горадні шмат такіх месцаў, якія я лічу сваімі месцамі і дзе я сябе добра адчуваю”.

Паэт Юры Гумянюк: “Па-першае, я Міхася Андрасюка ведаю вельмі даўно. Канечне, гэта арыгінальная зьява. Празаікаў вельмі мала, тым больш на Беласточчыне. Апроч Сакрата Яновіча, ня бачна было такога цікавага. Таму мне падаецца, што ўсё ж-такі творчасьць Міхася Андрасюка — гэта зьява ня толькі для Беласточчыны, для літаратараў у Польшчы, але і зьява ў беларускай літаратуры агулам”.

На здымку: Міхась Андрасюк у Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG