Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы літоўскіх бізнэсоўцаў у Беларусі


Пасьля пасьпяховага ўдзелу літоўцаў у Менскай аўтавыставе на пачатку траўня ў іх без тлумачэньняў былі канфіскаваныя 2 мікрааўтобусы-кэмпэры.


Некалькі тыдняў няма тлумачэньня беларускіх уладаў адносна канфіскацыі дарагіх аўтамабіляў, і некалькі месяцаў — адносна зьняволеньня кіраўніка Асацыяцыі пасярэднікаў мытні Літвы Альвідаса Яблонскіса, якога трымаюць у турме ад студзеня “для дасудовага расьсьледаваньня”.

Два мікрааўтобусы зь Літвы, прадстаўленыя на пачатку траўня на менскай выставе “Менск мота шоў”, былі канфіскаваныя пасьля выставы ў літоўскага бізнэсоўца Альгімантаса Лукашавічуса, кіраўніка асацыяцыі кэмпэраў Літвы.

Ні дакумэнты, ні заканадаўчыя акты, на падставе якіх адбылася канфіскацыя, зь беларускага боку дасюль не прадстаўленыя. Віцэ-міністар гаспадаркі Літвы Вітаўтас Наўдужас паведаміў пра гэта па заканчэньні эканамічнага форуму Беларусі і Літвы, дзе ён ачольваў літоўскую дэлегацыю.

“Літоўскі стэнд быў нават прызнаны найлепшым на аўтамабільнай выставе, аднак пасьля выставы ў прэзыдэнта літоўскай асацыяцыі кэмпэраў забралі два кэмпэры, нягледзячы на тое, што яны былі ўвезеныя адпаведна ўсім правілам. Гэты інцыдэнт незразумелы. Беларусы маўчаць. Аўтамабілі не вяртаюць і нічога не тлумачаць. Такія дзеяньні могуць нашкодзіць эканамічнаму клімату краіны, бо іншыя бізнэсоўцы, магчыма, у будучыні пабаяцца ехаць у гэтую краіну”, — заявіў віцэ-міністар гаспадаркі адной зь вядучых літоўскіх газэт “Verslo žinios”.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас пацьвердзіў, што ўжо два тыдні Літва ня можа атрымаць яснага адказу і тлумачэньняў такіх суровых дзеяньняў, і што канфіскаваныя кэмпэры вельмі дарагія:

“Удзельнікі зь Літвы прыехалі на запрашэньне арганізатараў выставы. Чатыры дні аўтамабілі стаялі, а перад закрыцьцём выставы да іх падыйшлі і заявілі, што канфіскоўваюць іх машыны”.

Апрача таго, Літва ўжо амаль пяць месяцаў чакае адказу адносна зьняволенага на час “дасудовага расьсьледаваньня” літоўскага прадпрымальніка, кіраўніка Асацыяцыі пасярэднікаў мытні Літвы Альвідаса Яблонскіса. Яго трымаюць у турме ад студзеня, нібыта за памылку пры афармленьні мытных папераў. Паводле літоўскага боку, за такую памылку ў Літве караюць штрафам у памеры каля 50 даляраў. Прадстаўнікі Літвы ўжо ня раз сустракаліся зь беларусамі адносна справы Яблонскіса, была накіраваная і нота зь Літвы, аднак дасюль Беларусь ніякага адказу не дала — спасылаючыся на тое, што не завершанае “дасудовае расьсьледаваньне”. Адхіліла Беларусь і просьбу адваката Яблонскіса аб вызваленьні пад заклад.

Гэта ня першы выпадак, калі літоўскіх прадпрымальнікаў зьнявольваюць у Беларусі бязь ясных тлумачэньняў. Адзін з самых памятных і вядомых выпадкаў у Літве, пра які ня раз распавядала і Радыё Свабода, — гісторыя Відмантаса Матулайціса, дырэктара ЗАА “Лукас” па вырабе паперы, які правёў амаль два гады ў турме ў Беларусі. Суд у Беларусі прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы, якая не выплочвала належнага мыта беларускай мытні. Судовае рашэньне не было магчымасьці абскардзіць ні ў міжнародных, ні ў беларускіх інстытуцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG