У шпіталі Э.Тарлецкаму зашылі пабітае брыво і галаву.
Інцыдэнт адбыўся 21 траўня а 23-й гадзіне каля пад'езду яго дома. Эдвард лічыць, што напад на яго быў замоўлены, бо калі ён падышоў да пад'езду, адзін з хуліганаў назваў ягонае прозьвішча. Апроч таго, у Тарлецкага пры сабе была сумка, у якой засталіся грошы і фотакамэра.
“Каля майго пад'езду стаялі тры чалавекі. Калі я падышоў, то адзін зь іх запытаўся маё прозьвішча. Я адгукнуўся, і тады іншы ў гэты момант ударыў мяне, і я паваліўся на зямлю. Яны яшчэ некалькі разоў мяне ўдарылі. Білі мэтанакіравана па галаве і па твары. Я страціў прытомнасьць. Калі апрытомнеў, каля мяне была мая суседка. Яна дапамагла мне дайсьці да кватэры і выклікала хуткую дапамогу.
Думаю, што прычынаў магло быць некалькі. Але ў мяне ёсьць адно меркаваньне – гэта пытаньне, зьвязанае зь дзяржавай. Але не хачу пра гэта казаць больш дакладна, каб не было яшчэ горш”.
Эдвард Тарлецкі паведаміў, што ня будзе зьвяртацца ў міліцыю, каб знайшлі злачынцаў і прыцягнулі іх да адказнасьці. Ён прыгадаў, што летась яго таксама зьбілі, але міліцыянты нікога не знайшлі.