З 2008 году беларускія памежнікі на мяжы мусяць праверыць прозьвішчы людзей праз банк дадзеных гэтак званых “невыязных асобаў”. У такі банк ужо патрапілі дзясяткі актывістаў дэмакратычнага руху, якія кажуць пра незаконнасьць увядзеньня для іх абмежаваньняў. Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі, аднак, абверг абвінавачаньні, што ягоныя падначаленыя карыстаюцца сьпісамі палітычных апанэнтаў улады:
“Што да сьпісаў нявыязных палітыкаў, я такіх ня бачыў. Ёсьць база дадзеных людзей, якія падазраюцца ў злачынствах, знаходзяцца ў вышуку, адбываюць розныя пакараньні, вінны алімэнты і гэтак далей. Але ня мы фармуем гэтую базу, збольшага яе фармуе Міністэрства ўнутраных спраў. З задачай не выпускаць гэтых асоб мы спраўляемся, але перад намі ставяць задачу ўлічваць і такія ж сьпісы з Расеі — а гэта болей за 200 тысяч чалавек. Калі мы яшчэ і гэтую базу дадзеных увядзем, мы яшчэ больш ускладнім праблемы нашых грамадзян ”, — сказаў Ігар Рачкоўскі.
Пры гэтым генэрал-маёр не адмовіўся і ад палітычнай ролі памежнага камітэту. “Вядома, камітэт у пэўным сэнсе выконвае палітычныя задачы, бо гэта дзяржаўны орган”, — зазначыў Ігар Рачкоўскі.
1 траўня старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак быў затрыманы памежнікамі на ўезьдзе ў Беларусь з Польшчы, хоць у сьпісах “неўязных” ён ня значыцца. Паводле праваабаронцы, яго трымалі без тлумачэньня прычын некалькі гадзінаў, не далі скарыстаць хуткую дапамогу, калі стала блага, забралі нібыта для праверкі валюту. Памежнікі і мытнікі дзейнічалі на загад спэцслужбаў, узгадвае Алег Гулак:
“Часам прыяжджаюць куратары з КДБ і непасрэдна справай займаюцца, як было ў маім выпадку, калі прыехалі маёр і капітан ды кіравалі. А пачынаецца ўсё з памежнікаў, потым дзейнічаюць мытнікі. А ў выніку ў людзей незаконна забіраюць грошы, якія вяртаюць праз год альбо і пазьней, незаконна забіраюць кампутары. Людзям марнуюць нэрвы, час — і гэта ўсё, вядома, незаконна”.
Паводле Ігара Рачкоўскага, цягам гэтага году памежнікі адмовяцца ад штампаваньня пашпартоў адмысловымі штампамі пры перасячэньні мяжы. “Можна зрабіць і іншыя палёгкі, але дзеля гэтага трэба карэктаваць заканадаўчую базу”, — мяркуе старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Ігар Рачкоўскі.
Паводле зьвестак Ігара Рачкоўскага, не плянуецца ўводзіць візы для ўезду ў Беларусь грамадзян Грузіі, бо тая “ёсьць сябрам СНД”.
Старшыня памежнага камітэту зазначыў, што дзякуючы АБСЭ і іншым эўрапейскім структурам на абсталяваньне мяжы з краінамі Эўразьвязу выдаткавана болей за 25 мільёнаў эўра. Расея на ўзмацненьне памежнай структуры Беларусі выдаткавала 1,4 мільярда расейскіх рублёў, паведаміў Ігар Рачкоўскі.