Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бугальтэрыя стане беларускай?


Агляд недзяржаўнага друку за 22 траўня: “Наша слова”, “Народная воля”.


Рэдактар газэты “Наша слова” Станіслаў Суднік гаворыць, што ў Таварыства беларускай мовы прыйшоў адказ зь Міністэрства фінансаў Беларусі. Ліст настолькі важны, што ён цалкам друкуецца ў сьвежым нумары “Нашага слова”. Сутнасьць жа адказу ў наступным:

“Міністэрства фінансаў гатова друкаваць любыя бугальтарскія блянкі на беларускай мове. Толькі замаўляйце – і будуць вам беларускія блянкі.
Цяпер жа кампутарная тэхніка. Праблемаў вялікіх няма. Перарабілі макет, у тры сэкунды ўсё робіцца.

Я асабіста ўжо даўно працую зь усімі дакумэнтамі на беларускай мове. У банку заўважылі толькі праз год, што яны працуюць з плацёжкамі на беларускай мове”.

І яшчэ на адзін матэрыял зьвяртае ўвагу рэдактар спадар Суднік:

“Мы працягваем публікацыю экслюзіўнага матэрыялу Валахановіча. Ён піша пра нацысцкага генэрала Геса, які пералятаў з Нямеччыны ў Англію. Валахановічу падчас службы ў Групе савецкіх войскаў у Нямеччыне давялося ахоўваць Геса ў Шпандау.

Матэрыял надзвычай цікавы, ніколі нідзе раней не друкаваўся. Напісаны толькі для нас”.

Журналістка “Народнай волі” Марыя Эйсмант распавядае пра свой артыкул “Настаўнікі супраць Адміністрацыі прэзыдэнта”:

“Нам сталі вядомыя падрабязнасьці пасяджэньня спэцыяльнай камісіі, якая займалася распрацоўкай новага палажэньня аб сярэдняй адукацыі ў Беларусі. З наступнага году школа стане 11-ці гадовай. Але, дзякуй Богу, захаваюцца гімназіі ды ліцэі, а таксама ліцэйскія клясы. І канікулы будуць пачынацца ўсё ж такі 1-га чэрвеня, а не 20-га, як хацелі зрабіць”.

Застаецца дадаць, што да гэтага матэрыялу дапасуюцца камэнтары былога намесьніка міністра адукацыі Тацяны Галко, мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча і былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. Апошні даслаў свае меркаваньні з-за кратаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG