Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А дзе беларускі мільярд?


Сёньня ў Менску пройдзе беларуска-літоўскі эканамічны форум. Яго арганізуюць дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы абедзьвюх краінаў. Яны маюць намер абмеркаваць магчымасьці далейшага супрацоўніцтва суседзяў, асабліва на рэгіянальным узроўні.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас згадвае, што ён неаднаразова казаў пра жаданьне літоўскіх бізнэсоўцаў укладаць грошы ў беларускую эканоміку. Менавіта гэта дазволіла ў 2007-м годзе пераадолець рубеж зь мільярд даляраў:

“Гандлёвы таваразварот паміж нашымі краінамі летась склаў 1 мільярд 150 мільёнаў даляраў. І не таму, што я прыехаў працаваць у Беларусь. Мы працавалі настойліва, цяжка і дасягнулі гэтага выніку. І гэта яшчэ не мяжа. Трэба кантактаваць. Бяз бізнэс-кантактаў нічога ня будзе”.

Чалец парлямэнту Літвы, старшыня групы ў сувязях зь Беларусьсю Вацлаў Станкевіч сказаў нашаму радыё, што ён ацэньвае значэньне форуму “вельмі пазытыўна”. Парлямэнтар тлумачыць, што Беларусь і Літва не знаходзяць паразуменьня ў палітычных пытаньнях:

“Таму як краіна Эўразьвязу, як краіна НАТО мы адчуваем адказнасьць за дачыненьні зь Беларусьсю. І Эўразьвяз глядзіць на нас, суседзяў Беларусі, з пажаданьнем, каб мы стараліся палепшыць гэтыя дачыненьні. Празь бізнэс, эканоміку, культуру гэта магчыма рабіць. Таму, калі сустракаюцца бізнэсоўцы, арганізоўваюцца такія форумы, я разглядаю гэта пазытыўна”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса ў Беларусі Яраслаў Раманчук ставіцца да сёньняшняга форуму даволі скептычна:

“Гэты форум – стандартная форма міжнароднай супрацы. Гэта ж не фармат двухбаковай сустрэчы міністраў. Гэта фармат, які ў дыпляматычных колах не зьяўляецца формай дыялёгу паміж дзяржавамі. Гэта тое, што грамадзянская супольнасьць пры падтрымцы ўрадаў робіць, каб легалізаваць экспэртныя ацэнкі і падштурхнуць пэўны кірунак разьвіцьця”.

Спадар Раманчук згадвае, што літоўскія бізнэсоўцы яшчэ раней казалі пра жаданьне інвэставаць у беларускую эканоміку мільярд даляраў:

“Яны ж могуць мільярд укласьці. А наш эканамічны цуд не дазваляе ўкласьці і дзясятай часткі гэтай сумы. Гэта сьведчыць пра тое, што эўрапейскі кірунак Літвы прыводзіць да таго, што бізнэс, эканоміка краіны становяцца больш канкурэнтаздольнымі. І гэтая канкурэнтаздольная літоўская эканоміка хацела б пашырацца на Захад, але і працаваць і ў Беларусі, і ў Расеі. І гэта стратэгічны кірунак, ад якога, я думаю, літоўскі бізнэс не адмовіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG