Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад абяцае ў 2009 годзе сярэдні заробак 550 $


На паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заявіў, што праз паўтара году сярэдні заробак дасягне 550 даляраў. Цяпер сярэдні заробак у Беларусі – каля 330 даляраў.

У аўторак на паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў абмяркоўвалі праект Асноўных кірункаў бюджэтна-падатковай палітыкі на 2009 год. Паводле абяцаньняў ураду, з ростам сярэдняга заробку да 550 даляраў будуць расьці і “сацыяльныя трансфэры насельніцтву”, то бок пэнсіі, стыпэндыі, дзяржаўныя дапамогі. Долю сацыяльных выдаткаў ў бюджэце 2009 году плянуецца павялічыць на 3% (з 61% да 64%) – на адукацыю, ахову здароўя. Наколькі гэта рэальна, калі сярэдні заробак цяпер 330 даляраў, а інфляцыя ў пераліку на гадавы паказчык – ня меншая за 12%?

Эканаміст Алена Ракава выказала такое меркаваньне:

“Складана сказаць, наколькі гэта рэальна. Іншае пытаньне, што адначасова ўздымецца ўвесь узровень цэнаў. То бок гэта не азначае, што наш дабрабыт палепшыцца ўдвая. Усе цэны ўздымуцца, інакш гэта немагчыма. Ну а многа гэта альбо мала? Улічваючы цяперашні рост цэнаў, 500 даляраў – гэта не такія вялікія грошы”.

Для параўнаньня: у Расеі сярэдні заробак дасягнуў 550 даляраў больш за год таму. У суседняй Літве сярэдні заробак – прыкладна 800 даляраў. Дарэчы, з 2008 году ў Літве мінімальны заробак павялічылі да ўзроўню пражытковага мінімуму – а гэта цяпер 800 літаў (больш за 360 даляраў). То бок літоўская мінімалка большая за беларускі сярэдні заробак. У Польшчы сярэдні заробак дасягнуў 1350 даляраў. Што да абяцаных праз паўтара году 550 даляраў для беларусаў, эканаміст Зьміцер Бабіцкі пракамэнтаваў гэтую лічбу так:

“Цэны ў Беларусі і так амаль сусьветныя. На харчаваньне, на той жа самы бэнзін. Ну а сярэдні заробак – у Менску банкіры, вядома, будуць шмат атрымліваць. А пэнсіянэры, калгасьнікі, інваліды, людзі ў малых гарадах у лепшым выпадку па 200 даляраў атрымаюць. Лепей жыць мы ня станем – можна атрымліваць і 550 даляраў, і 1000. Але, па-першае, уздымуцца цэны. Па-другое, даляр упадзе. Напэўна, нашыя “камандзіры” кіруюцца прагнозамі, што курс даляра будзе падаць, а цана на нафту вырасьце”.

З суседніх краінаў самая меншая сярэдняя заработная плата ва Ўкраіне – прыкладна паўтары тысячы грыўняў, або 300 даляраў. Што да краінаў Эўразьвязу, мінімальны заробак у Бэльгіі 1317 эўра, Вялікабрытаніі 1226 эўра, Нідэрляндах 1264 эўра, Францыі – 1154. У небагатых Грэцыі, Гішпаніі, на Кіпры – каля 600 эўра.

У Беларусі мінімальны заробак складае 120% бюджэту пражытковага мінімуму – з 1 траўня гэта прыкладна 120 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG