Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: вазочнікам ніяк ня зробяць пандусаў


Сацыяльныя службы дбаюць пра інвалідаў-вазочнікаў, але праблемы не зьмяншаюцца. Адна з асноўных – не хапае нармальных вазкоў, якімі карыстаюцца за мяжою. Пандусаў – для выезду з кватэры па лесьвіцы і ганку – зрабіць ня могуць, на санітарна-гігіенічныя прылады не хапае сродкаў. Пра сытуацыю на Гарадзеншчыне расказвае наш карэспандэнт.

Антон Сьвёкла кіруе асацыяцыяй вазочнікаў вобласьці. Ён кажа: нібыта ўлады зьвяртаюць увагу на інвалідаў, у намесьніцы старшыні аблвыканкаму Марыі Біруковай летась была нарада. Але нават паўтара дзясятка пандусаў улады зрабіць ня здолелі. Спадар Сьвёкла мусіў зноў скласьці цяпер сьпіс тых, каму яны неабходныя: у пяці выпадках пандусы не прыдатныя, трэба перарабляць, у васьмі – за іх нават ня браліся. Чыноўнік з абласнога камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, пачуўшы пра пандусы, прызнаецца амаль што ў бездапаможнасьці:

“Тут “ціхі жах” у гэтым пляне, ну не дарасьлі мы пакуль што да Эўропы, ніхто гэтым не займаўся, ніхто ніколі ня думаў. Ну, штосьці цяпер спрабуем рабіць”.

Антон Сьвёкла зьвяртае ўвагу на дэфіцыт нармальных вазкоў актыўнага тыпу. Але чыноўнік асаблівай праблемы ня бачыць:

“У нас вазкоў хапае, яны выдзяляюцца. Просяць людзі – мы выдзяляем. Няма ніякіх праблемаў па вазках”.

Супрацоўніца абласной сацыяльнай службы Натальля Табала вельмі падрабязна апавядае пра сытуацыю з інваліднымі вазкамі:

“У цяперашні час у нас чарга будзе толькі на пакаёвыя вазкі, і гэта людзі, якія сталі на чаргу ў сакавіку. Гэта раней было, а цяпер мы атрымалі вялікую партыю – сто штук – і людзей забясьпечылі”.

А на чарзе было каля 180 чалавек, прызнаецца спадарыня Табала. Чарга толькі на пакаёвыя вазкі – шэсьцьдзесят чалавек, кажа яна. Усяго у вобласьці на ўліку інвалідаў-вазочнікаў 2100 дарослых і 140 дзяцей.

Кіраўнік асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, гарадзенец Антон Сьвёкла бачыць праблему больш абвострана. Ён кажа, што вазок беларускай вытворчасьці нагадвае танк часу І усясьветнай вайны, ім карыстацца можа толькі чалавек з моцнымі цягліцамі, інваліды адмаўляюцца ад гэтых вазкоў:

“Па тэлевізары чуеш, што грошай хапае! Пра гэта нам гаворыць прэзыдэнт. Але чым ніжэйшыя ўлада, тым цяжэй выбіць зь яе, атрымаць тое, што табе належыцца. У гарадзкой бальніцы нумар тры робіцца гэтак званы эўрарамонт, я там ляжаў, а заехаць у пральню ці у ватэрклязэт чалавек на інвалідным вазку ня можа. А ў бальніцы ляжаць пэнсіянэры, якія вымушаныя карыстацца інваліднымі вазкамі. Робячы эўрарамонт, ня могуць зрабіць дзьверы шырэйшыя, памяшканьні прыстасаваныя для чалавечых патрэбаў. Чамусьці ўсе забываюцца, што гэта таксама патрэбна”.

А беларускія вазкі не заўсёды праходзяць празь дзьверы, пагатоў у ліфт, кажа Антон Сьвёкла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG