Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыю Беларусі вернуць у савецкае рэчышча?


Акцыя пратэсту супраць пераводу вывучэньня гісторыі Беларусі на расейскую мову, 1 верасьня 2006 г.
Акцыя пратэсту супраць пераводу вывучэньня гісторыі Беларусі на расейскую мову, 1 верасьня 2006 г.

Скасаваньне ў навучальным курсе сярэдняй школы прадмету “Гісторыя Беларусі” пацягне за сабой наступствы, якія Міністэрства адукацыі нават не прадбачыць.


Такой думкі трымаюцца многія выкладчыкі і гісторыкі, якія заклапочаныя намерам адукацыйнага ведамства аб’яднаць у новым навучальным годзе дысцыпліны “Сусьветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” ў абагульненую “Гісторыю”. Менавіта над гэтым зараз працуе адмысловая міжведамасная група, але настаўнікаў ужо практычна паставілі перад фактам зьнікненьня самастойнай “Гісторыі Беларусі”.

У школах кажуць, што неабходнасьць аб’яднаньня двух розных курсаў — “Сусьветнай гісторыі” і “Гісторыі Беларусі” ў адну “Гісторыю” — з настаўнікамі ніхто не абмяркоўваў. Таксама як і тады, калі валявым рашэньнем Міністэрства адукацыі падручнікі па гісторыі былі перакладзеныя на расейскую мову, што многія экспэрты лічаць папросту абсурдным крокам.

Якім будзе зьмест абноўленага падручніка “Гісторыі”, мяркуе Сяргей Русецкі, выкладчык гісторыі ў Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, можна ўбачыць з экспэрымэнтальнага падручніка “Гісторыя”, выдадзенага невялікім накладам у 2006 годзе:

“Літаральна год-два таму мы сутыкнуліся з той сытуацыяй, што былі выпушчаныя новыя падручнікі для 9-10 клясаў, якія цалкам перакрэсьліваюць усю канцэпцыю выкладаньня і вывучэньня гісторыі ў сярэдняй школе. Бо гэтыя падручнікі каньюнктурнага зьместу. 10-я кляса ўвогуле не вытрымлівае ніякай крытыкі. Гэта падручнік для ўсіх школаў Беларусі, акрамя беларускамоўных, выдадзены на расейскай мове. Што само па сабе шмат пра што сьведчыць. І другое — вывучэньне гісторыі найноўшай, гісторыі ХХ стагодзьдзя. Мы бачылі гэтыя падручнікі. Падручнік для 10-й клясы аўтарства Панова і Ганушчанкі абсурдны”.

Як кажа спадар Русецкі, ёсьць вялікая небясьпека, што гісторыю Беларусі дзецям пачнуць выкладаць у кантэксьце “слаўнай савецкай мінуўшчыны”. Прынамсі, пра гэта сьведчыць зьмест кніжак, на якіх “абкатваецца” новы прадмет:

“Ён ня проста дублюе савецкія падручнікі, а ён карыкатурны. Нават стары прафэсар Сідарцоў, камуністычнага сьветагляду ў свой час і зараз, не пажадаў удзельнічаць у стварэньні падручніка пра пэрыяд 1945—2005 гадоў. Гэта падручнік каньюнктурны, які палову свайго зьместу прысьвячае сучаснай гісторыі. Дзе абсалютна замоўчваецца першая палова 1990-х гадоў, дзе падкрэсьліваецца высокая роля камсамолу, партыі і ўсялякага іншага, пардон, дзярма ў савецкую эпоху, з 1945 году пачынаючы. І калі палова падручніка прысьвечана Лукашэнку, то — выбачайце! Гэта проста пасьмешышча з падручніка гісторыі, дзе мэтадычная база створаная, можа, самым кампэтэнтным чалавекам у Беларусі па мэтодыцы выкладаньня гісторыі Сяргеем Пановым. Але ён створаны каньюнктурна, і гэта пасьмешышча абсалютнае”.

Старшыня Таварыства Беларускай школы Алесь Лозка лічыць, што бясконцае перапісваньне школьных праграмаў сьведчыць выключна пра адсутнасьць прафэсіяналізму ў тых, хто ініцыюе падобныя рэвізіі:

“11 ці 12 гадоў — можа, з аднаго боку, ня так важна. Але вось гэтыя тузаньні, безумоўна, надакучылі яны і бацькам, і настаўнікам. Гэта беларускі непрафэсіяналізм ува ўсім. І ідзе гэта ад “галавы”. Вось цяпер усе пішуць дыктоўкі. Дык дайце дыктоўку міністру адукацыі ды ягоным падначаленым, я ўпэўнены, што не напішуць яны на роднай мове. Памылак наробяць процьму. Пра якія рэвізіі яны думаюць, калі столькі іншых праблемаў? У нас цяпер толькі 20,9% дзяцей займаюцца па-беларуску. Гэта вельмі маленькі працэнт, і з году ў год ён падае. Вось гэта сапраўдная праблема! А так яны аднаго не завершаць, пачынаюць брацца за іншае, з нуля перапісваньне праграмаў... Такое тузаньне нікому не патрэбнае”.

Адмыслоўцы ніяк ня могуць зразумець лёгікі, якой кіраваліся спэцыялісты Міністэрства адукацыі, яднаючы “Сусьветную гісторыю” з “Гісторыяй Беларусі”. Бо ніхто не замінаў настаўнікам выкладаць гісторыю Беларусі ўва ўсясьветным кантэксьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG